Чарговае выкрыцьцё «польскіх шпіёнаў» у Беларусі і кадравыя перастаноўкі ў КДБ супалі ў часе з дыпляматычным скандалам паміж Лёнданам і Масквой. Гэтыя дзьве гісторыі, зразумела, не зьвязаныя паміж сабой. Яны адрозьніваюцца, найперш, паводле ступені міжнароднага розгаласу. Піша Віталь Тарас.

Казка пра мальчышоў‑плахішоў

Чарговае выкрыцьцё «польскіх шпіёнаў» у Беларусі і кадравыя перастаноўкі ў КДБ супалі ў часе з дыпляматычным скандалам паміж Лёнданам і Масквой з‑за «справы Літвіненкі». Гэтыя дзьве гісторыі, зразумела, не зьвязаныя паміж сабой. Яны адрозьніваюцца, найперш, паводле ступені міжнароднага розгаласу. Але акурат супастаўленьне маштабу і, галоўнае, магчымых наступстваў гэтых падзеяў дазваляюць, як падаецца, лепей зразумець некаторыя рэчы. Адчуць, так бы мовіць, розьніцу. Хаця размова ў абодвух выпадках ідзе пра спецслужбы — КДБ і ФСБ.

БЯЗ ВАС — НІЯК. Сайт nn.by робіцца на Вашы грошы. Ахвяраваньне можна перавесьці ў любым аддзяленьні банку, на любой пошце. На банкаўскай квітанцыі ў графе «Від плацяжа» трэба пазначыць: «Ахвяраваньне за Інтэрнэт». У графе: «Атрымальнік плацяжа» трэба пісаць: ПВУП «Суродзічы», УНП 190 786 828. У графе «Найменаваньне банку» трэба пісаць: «МГД ААТ «Белінвестбанк», вул.Калектарная, 11, Мінск, код 764». У графе «Рахунак атрымальніка» — 3012 206 280 014. Пры перасылцы грошай па пошце тое самае трэба пісаць у рубрыках «Каму» і «Куды». Раздрукаваць банкаўскую квітанцыю (pdf-файл 38Кб, A4).

Варта зьвярнуць увагу на тое агульнае, што можна ўбачыць пры параўнаньні зусім розных, на першы погляд, акалічнасьцяў. Найбольш відавочным падаецца тое, што згаданыя падзеі ня ёсьць нейкімі выпадковымі спантаннымі эпізодамі — у абодвух выпадках іх трэба разглядаць як пасьлядоўнае разьвіцьцё пэўнай сітуацыі.

Напрыклад, арышты вайскоўцаў, абвінавачаных у спробе перадаць сакрэтную інфармацыю польскай выведцы, наколькі можна меркаваць, адбыліся задоўга да таго, як пра іх паведаміла АНТ. Але затое гэтая інфармацыя была агучаная намесьнікам старшыні КДБ Віктарам Вягерам усяго праз два дні пасьля таго, як у Магілёве адбыўся напад на старшыню Дзяржкантролю Зянона Ломаця. Праўда, аб гэтым публіка даведалася пастфактум, пасьля таго, як у незалежныя СМІ прасачылася інфармацыя, што на Ломаця напалі (ці, паводле іншай вэрсіі, здымалі на відэа з мэтай кампрамэтацыі) супрацоўнікі дзяржбясьпекі. Нават звычайны глядач, далёкі ад тэмы спэцслужбаў, мог задацца лягічным пытаньнем — а ці не быў той тэлесюжэт манэўрам, які павінен быў адцягнуць увагу грамадзкасьці ад «праколу» КДБ у Магілёве? Адстаўка Сухарэнкі з пасады старшыні камітэту дзяржбяспекі толькі ўзмацніла падазрэньні ў тым, што падобная пастаноўка пытаньня мае рацыю.

І хаця Лукашэнка, прадстаўляючы новага кіраўніка камітэту Жадобіна, пахваліў чэкістаў за апэрацыю па выкрываньні шпіёнаў, нешта тут не стыкуецца. Незразумела, напрыклад, якія палітычныя дывідэнды магла прынесьці кіраўніцтву дзяржавы «спэцапэрацыя», якая закранае беларуска‑польскія дачыненьні? Бо гэтыя дачыненьні без таго знаходзяцца, можна сказаць, на нулявым узроўні, Дастаткова сказаць, што новапрызначаны польскі пасол дагэтуль ня можа прыехаць у Менск.

Акрамя таго, зьвяртае на сябе ўвага кепская прапагандысцкая прапрацоўка шпіёнскай справы, якая яўна рыхтавалася пры дэфіцыце часу і фактаў. Цяжка паверыць, напрыклад, што польская, альбо якая‑небудзь яшчэ выведка ў сьвеце ўчэпіцца за афіцэра, які займаецца кантрабандай сьпіртовых напояў. Ды яшчэ, папаўшыся, імгненна пагаджаецца працаваць на варожую выведку. Уражаньне такое, што гэты пэрсанаж запазычаны з савецкага фільму для дзяцей «Мальчыш‑Кібальчыш».

Ёсьць і яшчэ адна вэрсія — быццам кіраўніцтва РБ вырашыла прадэманстраваць важнасьць і карыснасьць для Масквы стратэгічнага партнэрства Менску ў рамках саюзнай дзяржавы.

Затрыманых афіцэраў (палова зь якіх — адстаўныя) абвінавацілі ня ў чым іншым, як у выведваньні зьвестак, зьвязаных з супрацьпаветранай абаронай. І гэтыя зьвесткі, нібыта, спатрэбіліся польскаму бок у сувязі з маючым адбыцца разьмяшчэньнем амэрыканскай сыстэмы ПРА ў Польшчы. Такім чынам, застаецца прыпусьціць, што згаданая ПРА патрэбная Захаду не для таго, каб перахопліваць балістычныя ракеты, калі яны будуць запушчаныя з боку Ірану, а дзеля таго, каб нанесьці ўдар па Беларусі і Расеі. Ну, і дзеля гэтага выведаць сакрэты іх проціракетнай абароны.

У такое могуць паверыць людзі, якія шчыра вераць ва ўсясьветную жыдамасонскую змову. Але ў такі сцэнар трэцяй сусьветнай вайны сёньня, хутчэй за ўсё, ня вераць ні ў Маскве, ні ў Менску. Інакш паводзіны, скіраваныя на абвастрэньне канфрантацыі з Захадам, выглядалі б абсалютна алягічнымі. Калі толькі кіраўніцтва Беларусі й Расеі ня мае схільнасьці да суіцыду.

Выглядае, што апошнія прапагандысцкія захады Крамля (а таксама й Менску) супраць Захаду прызначаныя выключна для ўнутранага карыстаньня. Але ў абодвух выпадках гэтыя высілкі далі збой.

«Нашы» прызадумаліся…

Немагчыма не зьвярнуць увагу на тое, што хоць высылка брытанскіх дыпляматаў з‑за адмовы выдаць Англіі Лугавога, падазраванага ў забойстве Літвіненкі, была скрытыкаваная расейскім МЗС, захады ў адказ былі даволі стрыманымі. Было вырашана выслаць чатырох ангельскіх дыпляматаў — акурат столькі, колькі было выслана з Англіі; уводзяцца візавыя абмежаваньні на ўезд брытанскіх урадавых чыноўнікаў — такія самыя абмежаваньні былі перад тым уведзеныя ў адносінах да расейскіх чыноўнікаў; Расея адмовілася ад супрацы зь Вялікай Брытаніяй у пытаньнях барацьбы з тэрарызмам — аб тым самым заявіў перад гэтым брытанскі ўрад. Але вось што цікава — ніякага прапагандысцкага шквалу, забароны на ўвоз брытанскай сьмятаны (адрозна, скажам, ад польскага мяса, ці грузінскага віна) з боку афіцыйнай Масквы і расейскіх СМІ не назіраецца. «Нашы», якія раней праходу не давалі брытанскаму паслу ў Маскве, якія бралі ў аблогу латвійскае ды эстонскае пасольствы, спакойна адпачываюць сабе на возеры Селігер у самы разгар скандалу.

Але нічога загадкавага тут няма. Усе цудоўна разумеюць, што занадта моцна расейская ўладная і прыўладная прадпрымальніцкая эліта завязаныя зь бізнэсам у Англіі. Ня толькі Абрамовіч, многія расейскія прадпрымальнікі і чыноўнікі купляюць у Лёндане маёмасьць, трымаюць рахункі ў банках, пасылаюць вучыцца дзяцей, ды й проста любяць адпачываць і жыць на шырокую нагу? Туды, у выпадку сур’ёзнай небясьпекі на радзіме можна выехаць у кожны момант на жыхарства, папрасіць палітычнага прытулку, як гэта зрабіў Беразоўскі. Вось чаму захады афіцыйнага Лёндану ў сувязі са «справай Лугавога» былі так балюча і нэрвова ўспрынятыя ў Маскве. Занадта шмат людзей, відаць, не хацелі б сапраўднага пагаршэньня стасункаў з Англіяй, асабліва ў галіне эканомікі і бізнэсу. Сутыкнуўшыся зь сытуацыяй, у якую патрапілі ўлады Беларусі, многім прадстаўнікам якіх шлях у Эўрасаюз і ЗША зачынены, расейскія чыноўнікі крыху збьянтэжыліся. Ім вельмі не хацелася б трапіць у лік краінаў‑ізгояў разам з Паўночнай Карэяй, Іранам і…Беларусьсю. Ім усё‑такі хочацца адчуваць сябе эўрапейцамі (хоць і жыць пры гэтым па ўласных правілах і законах).

Таму і апошні шпіёнскі скандал у саюзнай Беларусі быў успрыняты ў Маскве, мякка кажучы, без энтузіязму. Аб гэтым сьведчыць інтанацыя, зь якой расейскія інфармацыйныя каналы перадавалі рэпартажы аб выкрываньні «польскай рэзыдэнтуры». Гэта была інтанацыя, так бы мовіць, крывой усьмешкі. Ва ўсіх сюжэтах на шпіёнскую тэму на расейскім тэлебачаньні прысутнічала сакрамэнтальная фраза: «як паведамляе беларускае тэлебачаньне». Далей, відаць, трэба было чытаць так: «ну, вы ж разумееце — ня ўсё трэба браць на веру».

Розьніца ў часе

На фоне сапраўды грандыёзнага скандалу, выкліканага беспрэцэдэнтнай справай аб забойстве грамадзяніна Вялікай Брытаніі «агульнанебясьпечным спосабам» — то бок, з дапамогай радыеактыўнага рэчыва, дзеяньне якога лёгка можна параўнаць з так званай «бруднай атамнай бомбай», справа «польскіх шпіёнаў» у Беларусі выглядае дробязьзю. Ды яшчэ й не патрэбнай нікому дробязьзю. У першую чаргу не патрэбная яна цяпер для Крамля, заклапочанага пэрспэктывай рэальнага (а ня толькі віртуальнага) процістаяньня зь Вялікай Брытаніяй і ўсёй Эўропай, а таксама з ЗША. А ня тым, што робіць «галоўны хаўрусьнік» у Беларусі, які не аднойчы паказаў сябе хаўрусьнікам ненадзейным і нават у многіх выпадках шкодным.

Іншая рэч, што ў справе Літвіненкі ў Расеі выйсьця няма. Цугцванг. Ня можа Масква выдаць Лугавога — і ня толькі таму, што гэтага не дазваляе Канстытуцыя. (Туркмэністану ж і Ўзбэкістану выдавалі зьбеглых апазыцыянэраў — і нічога, ніхто не абураўся). Выдаць Лугавога — значыць, прызнаць сваю паразу. Прызнаць, што расейскае правасудзьдзе ня ў стане знайсьці ісьціну й пакараць вінаватых. Але й адмова супрацоўніцтва з боку расейскай пракуратуры, якая дзейнічае паводле вядомага прынцыпу «Сам дурны!», толькі ўзмацняе падазрэньні, што Крэмль хавае ад грамадзкасьці праўду, што ягонае кіраўніцтва на чале з Пуціным, насамрэч, само датычнае да злачынства ў Лёндане.

Ясна, што ў гэтым сэнсе паводзіны кіраўніцтва Беларусі і кіраўніцтва спэцслужбаў, у прыватнасьці, нічым не адрозьніваюцца ад паводзінаў расейскіх калегаў. Можна прыводзіць колькі заўгодна вэрсіяў наконт апошніх кадравых прызначэньняў (нехта кажа, што гэта ўмацаваньне ўплыву Віктара Лукашэнкі, нехта пра тое, што кіраўнік дзяржавы сам дбае пра ўмацаваньне асабістай бясьпекі, не давяраючы нікому і г.д.), але аб сапраўдных прычынах ці хоць бы матывах прынятых рашэньняў мы не даведаемся. І незалежным мэдыям у Беларусі застаецца толькі гадаць аб іх сапраўдных прычынах і акалічнасьцях на падставе рознага роду больш ці менш годных веры крыніцаў, альбо проста высмоктваць інфармацыю з пальца.

Думаецца, што найбольшае раздражненьне Крамля выклікае тое, што справа аб забойстве Літвіненкі ад волі спэцслужбаў, ад волі вышэйшага кіраўніцтва дзяржавы ўжо не залежыць. Ні замаўчаць, ні сьпісаць яго ў архіў ужо ня ўдасца. Занадта моцны рэзананс у брытанскіх, ды й ня толькі брытанскіх СМІ гэтая справа выклікала. Вяршыняй абсурду ўяўляецца тлумачэньне расейскіх «палітолягаў» наконт прычынаў скандалу: быццам новы прэм’ер‑міністар Вялікай Брытаніі Гордан Браўн і лейбарысцкая партыя зацікаўленыя ў ім, паколькі разьлічваюць зарабіць на скандале нейкія прапагандысцкія пункты. Пры такой пільнай увазе СМІ брытаскаму ўраду, хто б ні апынуўся ў выніку выбараў на чале кабінэту, давядзецца ісьці ў гэтай справе да канца, да ўсталяваньня ісьціны ў поўным аб’ёме. І калі выявіцца, што Браўн і міністры нешта недагаворваюць, ці спрабуюць маніпуляваць грамадзкай думкай, мэдыі злупяць зь іх тры скуры. У Англіі і за куды менш сур’ёзныя правіннасьці міністры разьвітваліся з кар’ерай.

А што вы думаеце пра гэта?
Зьмясьціце свой камэнтар
да гэтага артыкулу.
Хай людзі вас пачуюць!

Варта нагадаць, што сталася з правым урадам у Гішпаніі, калі прэм’ер паспрабаваў прыпісаць выбухі на чыгуначным вакзале тэрарыстам ЭТА. (Насамрэч, гэта была справа рук Аль‑Кайды). Спроба ўраду падмануць грамадзтва і паказаць на больш зручнага дзеля палітычнай сытуацыі ворага абярнулася для пануючай партыі катастрофай на выбарах.

Рана ці позна, з дапамогай Скотленд‑Ярда і брытанскай прэсы мы даведаемся, хто быў калі не замоўцам, дык выканаўцам забойства былога афіцэра ФСБ Літвіненкі і адкуль у злачынцаў узяўся радыеактыўны палёній. У гэтым няма ніякага сумневу.

Рана ці позна мы даведаемся і пра тых, хто стаіць за зьнікненьнямі Захаранкі, Ганчара, Красоўскага, Завадзкага. Розьніца са справай Літвіненкі палягае толькі ў часе, які на гэта можа спатрэбіцца.

Віталь Тарас

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0