У падтрымку дэкларацыі прагаласавала 85 чалавек, супраць — 41. Два дэпутаты ўстрымаліся.
Дэкларацыя з'яўляецца сімвалічнай, аднак, як чакаецца, яна прывядзе да абвастрэння супрацьстаяння паміж Барселонай і цэнтральным урадам у Мадрыдзе, які абяцаў заблакаваць усе ініцыятывы Каталоніі, датычныя незалежнасці.Калі б урад Каталоніі пайшоў на аднабаковае абвяшчэнне незалежнасці, гэта адбілася б на эканоміцы і Каталоніі, і Іспаніі, бо Каталонія дае амаль 20% ад ВУП Іспаніі.
У апошнія гады Барселона ўсё больш актыўна заяўляе аб магчымасці аддзяліцца ад Іспаніі з-за фінансавага крызісу. Многія каталонцы лічаць, што цэнтральныя ўлады эксплуатуюць правінцыю. Мясцовы ўрад заяўляе, што фінансавы крызіс быў выкліканы тым, што падаткі, якія збіраюцца ў Каталоніі цэнтральнымі ўладамі, нашмат перавышаюць асігнаванні на адукацыю і ахову здароўя ў правінцыі.
Каталонскае грамадства ў пытанні незалежнасці падзеленае амаль пароўну. Але жыхары правінцыі супраць выхаду з ЕС.