Следчы камітэт завяршае расследаванне крымінальнай справы аб беларускім філіяле МММ, паведаміў старшыня Следчага камітэта Валянцін Шаеў 24 студзеня на прэс-канферэнцыі ў Мінску.

Ён нагадаў, што справа распачата па артыкуле аб незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасці (арт. 233 КК).

Паводле слоў Шаева, на сёння абвінавачанне выстаўлена шасці асобам. «Адна асоба знаходзіцца пад вартай, трое — пад залогам і да дзвюх асоб прыменена мера стрымання ў выглядзе дамашняга арышту», — паведаміў ён.

«Асноўная сутнасць гэтай справы заключаецца ў тым, што названыя асобы без дзяржаўнай рэгістрацыі і ліцэнзіі на ажыццяўленне банкаўскай дзейнасці займаліся ёю і атрымлівалі незаконны даход», — сказаў Шаеў.

Паводле яго слоў, расследаванне ў дачыненні да вышэйшых кіраўнікоў фінансавай піраміды «МММ-2011» будзе завершана найбліжэйшым часам.

Ці будзе выдзелена ў асобную вытворчасць «дзейнасць астатніх удзельнікаў гэтай піраміды», плануецца вызначыць пазней, сказаў старшыня СК.

Нагадаем, супрацоўнікі мінскага офіса «МММ-2011» былі затрыманыя спецслужбамі 16 сакавіка 2012 года. У дачыненні да іх КДБ распачаў справу па ч. 3 арт. 233 КК. Расследаванне было перададзенае ў Следчы камітэт.

У выніку незаконнай дзейнасці кампаніі «МММ-2011» у фінансавыя махінацыі былі ўцягнутыя некалькі тысяч грамадзян Беларусі. Асноўны кантынгент удзельнікаў фінансавай піраміды склалі маладыя людзі 1985–1990 гадоў нараджэння, незнаёмыя з дзейнасцю МММ пачатку 1990-х гадоў і яе негатыўнымі наступствамі для мільёнаў грамадзян.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?