26 студзеня 2003 года ў Маскве, у шпіталі імя Бурдэнкі памёр Уладзімір Мулявін. Ён восем месяцаў змагаўся за жыццё пасля траўмаў, атрыманых у аўтакатастрофе.

Яго «Песняры» прымусілі ўвесь свет гаварыць пра беларускую культуру.
Прымусілі ўвесь СССР спяваць беларускую класіку.

Успомнім геніяльнага песняра.

Малітва.

Выступ у Віцебску, 1994 год. Што цікава, кампазітар Молчан склаў песню з кавалкаў двух розных вершаў Купалы. Прыпеў узяты з верша 1912 года, а асноўны тэкст — з ранняга верша 1906 года. Прычым у прыпеве слова «загон» Мулявін з Молчанам замянілі на слова «народ». Акрамя таго, у адным з выпадкаў Мулявін замест Купалавага «распетаю душой» (расспяванай) спявае «распятаю». Дадаў трохі Высоцкага ў Купалу. Ён сабе тое дазваляў, Мулявін.

Янка Купала, музыка Алега Молчана

Я буду маліцца і сэрцам, і думамі,
Распетаю буду маліцца душой,
Каб чорныя долі з мяцеліцаў шумамі
Ўжо больш не шалелі над роднай зямлёй.

Малюся я небу, зямлі і прастору.
Магутнаму Богу — Ўсясвету малюся.
Ва ўсякай прыгодзе, ва ўсякую пору
За родны народ Беларусі.

Я буду маліцца да яснага сонейка:
Няшчасных зімой саграваць сірацін.
Прыветна, па збожных гуляючы гонейках
Часцей заглядаці да цёмных хацін.

Малюся я небу, зямлі і прастору.
Магутнаму Богу — Ўсясвету малюся.
Ва ўсякай прыгодзе, ва ўсякую пору
За родны народ Беларусі.

Я буду маліцца і сэрцам, і думамі,
Распятаю буду маліцца душой,
Каб чорныя долі з мяцеліцаў шумамі
Не вылі над роднай зямлёй, над табой.

Малюся я небу, зямлі і прастору.
Магутнаму Богу — Ўсясвету малюся.
Ва ўсякай прыгодзе, ва ўсякую пору
За родны народ Беларусі.

Ты мне вясною прыснілася

«Песняры» на канцэрце на сваё 25-годдзе:

А так «Песняры» выконвалі гэтую песню маладымі (песня датуецца 1968 годам).

Міхась Шушкевіч, музыка Юрыя Семянякі

Дарэчы, словы гэтай песні напісаў Міхась Шушкевіч — тата Міланы Міхалевіч (Шушкевіч), жонкі экс-палітвязня Алеся Міхалевіча.

Летняя ночка купальная
Яснай растаяла знічкаю.
Падаюць зоры світальныя
Ў чыстыя воды крынічныя.

Ой ты, дзяўчыначка мілая,
Як жа ты свет упрыгожыла!
Ластаўка ты шызакрылая, —
Лёгкі мой сон растрывожыла.

Ты мне вясною прыснілася
Неразгаданымі чарамі,
Сэрца парыўна забілася
Лёгкімі крыламі-марамі.

Пэўна, цябе, ненаглядная,
Стрэў я часінай удалаю.
Ты ж мая доля спагадная,
І не шкадую німала я.

Завушніцы

Гэта класічны варыянт адной з найлепшых песень «Песняроў»:

А вось выкананне старога Мулявіна на канцэрце з нагоды 30-годдзя «Песняроў»:

А гэта ўжо пост-мулявінскія «Песняры», 2009 год, Палац Рэспублікі:

І канкурэнтны калектыў Барткевіча, 2006 год:

Максім Танк, музыка Уладзіміра Мулявіна

О, колькі раз прасіў я
Назначыць мне спатканне,
О, колькі раз хацеў я
Прызнацца ёй у каханні.

Ды ўсё перашкаджалі,
Калі дзяўчыне верыць,
То павадак вясновы,
То прымаразак-шэрань.

Але і я упарты,
І, каб сваяго дабіцца,
Прасіў я шчыра майстра
Зрабіць ёй завушніцы.

На гэтых завушніцах
Я напісаў закляцце —
Усё, што не сказаў ёй,
А ў чым хацеў прызнацца.

Сягоння не ўцячэ ўжо
Ад слоў маіх гарачых,
Ні ў час калі смяецца,
Спявае, або плача,

Ні ў час, калі прыляжа,
Змарыўшыся ў змярканне.
Звіняць ёй завушніцы
Ўсё пра маё каханне.

Ручнікі

Геніяльная песня з геніяльнай канцэртнай імправізацыяй. Запіс, зроблены савецкім ТВ у Калоннай зале Дома саюзаў.

Песня датаваная 1970 годам.

Вера Вярба, музыка Мікалая Пятрэнкі

Уладзімір Мулявін стварыў геніяльную рок-н-рольную аранжыроўку песні, напісанай кампазітарам-самавукамМікалаем Пятрэнкам. Песня хутка стала народнай.

У суботу Янка ехаў ля ракі.
Пад вярбой Алёна мыла ручнікі.
— Пакажы, Алёна, броду земляку,
Дзе тут пераехаць на кані раку?

— Адчапіся, хлопец, едзь абы-куды,
Не муці мне толькі чыстае вады.
У маркоце Янка галавой панік,
Упусціла дзеўка беленькі ручнік.

— Янка, мой саколік, памажы хутчэй,
Ой, плыве-знікае ручнічок з вачэй!
— Любая Алёна, я ж вады баюсь,
Пацалуй спачатку, бо я утаплюсь.

Супыніўся гнеды пад вярбой густой,
Цалавала Янку Лена над ракой.
Стала ціха-ціха на ўсёй зямлі…
Па рацэ далёка ручнікі плылі.

А вось трохі іншае выкананне:

* * *

    Уладзімір Мулявін нарадзіўся 12 студзеня 1941 у Свярдлоўску, у сям’і рабочага. На гітары пачаў іграць у 12 гадоў. Пасля школы паступіў у Свярдлоўскую музычную вучэльню, адкуль яго выганялі за захапленне джазам. Працаваў у розных філармоніях СССР, у тым ліку ў Беларускай дзяржаўнай. У 1965–1967 служыў у войску ў Беларусі. Стварыў у вайсковай частцы вакальны квартэт. Пасля службы вярнуўся ў Беларускую дзяржаўную філярмонію, пры якой у 1968 стварыў ВІА «Лявоны». У 1970 ансамбль, змяніў назву на «Песьняры». У 2001 быў узнагароджаны ордэнам Францішка Скарыны. 14 мая 2002 Мулявін трапіў у аўтакатастрофу. 26 студзеня 2003 памёр у Маскве ў шпіталі імя Бурдэнкі. Пахаваны на Усходніх могілках Мінска. У гонар Уладзіміра Мулявіна ў Мінску названы бульвар.
А якія творы «Песняроў» падабаюцца Вам, шаноўныя чытачы? Выказвайцеся ў каментах.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0