Паводле прадстаўніка расейскага моладзевага руху «Альтэрнатыва» Алега Мельнікава, пакуль не сабраныя грошы на квіткі да Масквы. «Дагестанскія рабы» былі вызваленыя з рабства на адным з цагельных заводаў непадалёк ад Махачкалы 23 студзеня.

Алег Мельнікаў патлумачыў, што з-за недахопу грошай на квіткі, ад’езд рабоў з Махачкалы ў Маскву адкладаецца.
Сярод вызваленых, апроч грамадзянаў Беларусі, ёсць таксама грамадзяне Расіі. Вызваленыя знаходзяцца ў надзейным месцы. Паводле Алега, вызваленыя былі «худымі, няголенымі, бруднымі».
Прайсьці медычнае абследаванне яны змогуць толькі дома: «Медычнае абследаванне замежных грамадзянаў у нас платнае. У нас шчыра кажучы грошай зусім няма.
Шмат пайшло на харчаванне гэтых людзей. І мы цяпер збіраем на квіткі, каб іх адправіць дахаты».

Але ж былым рабам выплацілі заробкі за некалькі месяцаў. Ці можна скарыстаць гэтыя грошы?

«Заробкі выплацілі, але яны настолькі мінімальныя, там самая максімальная сума гэта 21 тысяча рублёў.
Натуральна, па-першае, гэта вельмі мала. А па-другое, нам не хацелася б гэтыя грошы ў іх цяпер забіраць».

З сябрам руху «Альтэрнатыва» звязваўся прадстаўнік беларускай амбасады ў Расіі, які паабяцаў дапамагчы ў адпраўцы «дагестанскіх рабоў» дадому, пасля таго, як яны дабяруцца да Масквы.

Паводле вызваленых рабоў, гаспадары завода амаль сем месяцаў не плацілі ім заробку і прымушалі працаваць па 12 гадзін у суткі.
Збегчы адтуль яны баяліся. Па тэлефоне адзін з дагестанскіх рабоў — Андрэй Касьцючэнка з курортнага пасёлка Нарач — распавёў, як ён патрапіў у рабства:
«Мне прапанавалі паехаць, я паехаў, а аказалася не тая праца. Мне прапанавалі паехаць на мора, папрацаваць у гатэлі. Я паехаў. Патрапіў сюды, на цагельны завод.
Вось і ўсё. Цяпер вось чакаю, калі дахаты прыеду».

Андрэй сказаў, што не хоча па тэлефоне распавядаць нейкія падрабязнасьці свайго побыту ў рабстве і свайго самаадчування. Для яго самае галоўнае цяпер выехаць з Дагестану.

Як распавяла маці Андрэя Лідзія, яе сын правёў у рабстве менш за астатніх, паехаў з дому 2 кастрычніка мінулага года.

«Перадумана ўсё. І шукалі яго, ён то знаходзіўся, то губляўся. Няма чаго шукаць шчасця-долі на чужым полі. Вось у Нарачы чалавек не вярнуўся наогул, прапаў, так яго і не знайшлі. Таму гэта не адзінкавы выпадак.

Я не хацела, каб мой сын ехаў. Але ён так неяк сказаў, ай, мама, паеду, бо дзе можна падзарабіць, толькі ў Расеі. Ехаў ён не першы раз. Працу можна і на Нарачы знайсьці, але ж цяпер моладзь не задавальняюць 2 мільёны рублёў.
Хочацца адразу і шмат».

Ва ўсім спадарыня Лідзія больш вінаваціць Расею: «У іх гэты беспарадак. Гэта бязмежжа. Я тут вар’яцела і ўсе перажываюць за яго. Чакаем, не дачакаемся, хутчэй бы ён прыехаў».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?