Дзякуючы прызначанай у ЗША праграме заняткаў наш сын, якому ўсяго 4 гады і ў якога цяжкае паражэнне мозгу, ужо ўмее чытаць. Таксама, пакуль ён не навучыўся размаўляць, нас навучылі спецыяльнай методыцы зносін з Эдуардам. Самае цяжкае ў рэабілітацыі дзіцяці з ДЦП — гэта развіццё рухальных навыкаў. Але тут у нашага сына заўважныя вынікі — месяц таму мы ўпершыню ўбачылі, як наш сын папоўз! А гэта нашая самая запаветная мара на сённяшні дзень, бо пасля дасягнення яе для Эдзіка пачнецца новы этап жыцця — самастойны рух!
Але, на жаль, наш шлях праходзіць не без праблем. У Эдзіка моцна абвастрыліся праблемы са сном і страваваннем, таму нам вельмі патрэбная дапамога спецыялістаў, якія ёсць у Інстытуце ў ЗША, дзе мы праходзім лячэнне. На жаль, у нашай краіне нам і ў гэтым дапамагчы не змаглі, як заўсёды, спісваючы ўсе праблемы на асноўны дыягназ — ДЦП.
У Філадэльфіі, нас чакаюць 25 лютага. Мы як маглі спрабавалі адтэрмінаваць гэтую паездку праз цяжкае фінансавае становішча: прыязджаць раз на паўгода, на жаль, ужо няма магчымасці. Толькі ўвосень дзякуючы дапамозе неабыякавых людзей мы здолелі расплаціцца за наш травеньскі курс. Балазе, Інстытут ідзе нам насустрач, але гэта не бясконца, іх пазіцыя цвёрдая: дзіцяці неабходнае абследаванне і карэктаванне лячэння раз на паўгода. На сённяшні дзень сабрана 6800 даляраў, трэба сабраць 11 000.
Нумары рахункаў, на якія можна пералічваць сродкі, тут.
На нашым сайце www.dcp.by мы публікуем усе справаздачы пра сабраныя сродкі і выдаткі на паездкі.
З павагай і бясконцай удзячнасцю,
Вольга, Павел і маленькі Эдуард
Ад Рэдакцыі. Маленькі Эдзік — унук дзеяча беларускага адраджэння Вячаслава Дубінкі.