Кіеўскі суд прысудзіў да пажыццёвага зняволення экс-начальніка дэпартамента вонкавага назірання МУС Украіны Аляксея Пукача за перавышэнне паўнамоцтваў і забойства журналіста Георгія Гангадзэ.

У прысудзе адзначаецца, што Пукач толькі часткова прызнаў сваю віну. Паводле яго слоў, ён не збіраўся забіваць журналіста, хоць і душыў рамянём, каб атрымаць інфармацыю аб шпіёнскай дзейнасці.

Пры гэтым Пукач паказаў, што загад весці назіранне і забіць Гангадзэ ён атрымаў асабіста ад тагачаснага міністра ўнутраных спраў Украіны Юрыя Краўчанкі, і прызнаў, што адсек галаву журналіста і перапахаваў яго цела.

Украінскі журналіст Гія Гангадзэ, які пісаў аб карупцыі ў вышэйшых эшалонах улады, быў забіты ў 2000 годзе. Следства высветліла, што ў тэлефонных размовах аб неабходнасці ліквідацыі журналіста згадваўся экс-прэзідэнт Украіны Леанід Кучма. Выкраданне ажыццяўлялі супрацоўнікі МУС пад кіраўніцтвам Аляксея Пукача, які, па версіі следства, асабіста задушыў Гангадзэ. Былы кіраўнік МУС Юрый Краўчанка, які аддаў Пукачу распараджэнне забіць Гангадзэ, быў знойдзены мёртвым 4 сакавіка 2005 г. з двума агнястрэльнымі раненнямі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?