У іншых варунках яго маглі б насіць на руках, як Сантану, ці захапляцца, як Зінчуком. А ён падыгрывае Аляхно. Майстра блюз-рокавай гітары, удзельнік гуртоў «Крама» і «Палац» Сяржук Трухановіч выдаў свой трэці сольны альбом.

Трухановіч — чалавек-брэнд. Яго манера ігры — адна з самых пазнавальных у беларускай музыцы. Сяргея ведаюць найперш як сталага ўдзельніка гурта «Крама». У прынцыпе, ён на роўных з Ігарам Варашкевічам можа прэтэндаваць на тое, каб заявіць, што ён і ёсць «Крама». У складзе гэтага гурта гітарыст грае ад пачатку і браў удзел у запісе ўсіх яго альбомаў. Ужо больш за 10 год Трухановіч грае яшчэ і ў «Палацы». Малавядомы факт: Трухановіч пэўны час, праўда, нядоўга, быў і ў «Сябрах». Да ўсяго, ён задзейнічаны ў жывым складзе хрысціянскага спевака Дзмітрыя Даўкша і Руслана Аляхно.

Гітары Трухановіч навучаўся ва Уладзіміра Угольніка, а за апошні час сам перадаў майстэрства многім маладым музыкам. Асабістыя творчыя амбіцыі ў яго з’явіліся яшчэ ў сярэдзіне 90-х. Тады 25-гадовы гітарыст заснаваў праект Sam Grey, з якім узяў прэмію беларускага фонду Сораса. У 1999 годзе з’явіўся яго першы сольны альбом «Кропка невяртання».

«Шлях да мора» ў пэўнай ступені стаў нечаканасцю, бо думалася, што з сольнай творчасцю Трухановіч завязаў: ад часоў яго папярэдняй працы «Нараджэнне таямніцы» мінула 10 год. У адрозненне ад таго дыска, свежы альбом выглядае нашмат больш разнастайным і жывым. Кожны трэк літаральна пульсуе, жыве і дыхае. У гэтым заслуга не толькі майстра блюз-рокавай гітары, але і запрошаных музыкаў, сярод якіх — той жа Ігар Варашкевіч, Канстанцін Гарачы, Анатоль Горбач. П’есу «Свіслач у тумане» ўпрыгожвае акардэон Змітра Карабача, яе разам з трэкам «Аўтабугі» з саксафонам Паўла Аракеляна можна лічыць цэнтральнымі на альбоме. Паводле ўласнага вызначэння Трухановіча, яго музыка найлепш пасуе для праслухоўвання ў машыне. Калі б у Беларусі вызначалі найлепшы інструментальны альбом, «Шлях да мора», безумоўна, быў бы у фаварытах. Альбом адрасуецца тым, хто любіць якасную гітарную музыку, зробленую з душой, без мідзішных падкладаў, выключна з жывымі інструментамі.

Ключавыя трэкі: «Шлях да мора», «Свіслач у тумане», «Аўтабугі» .

Сяргей Трухановіч — Начны экспрэс (live-відэа)

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?