Міхась Чарняўскі памёр у Мінску раніцай 20 студзеня на 75-м годзе жыцця ад анкалагічнай хваробы. Пасля смерці спадара Міхася стала вядома пра ягоную апошнюю волю — перавыданне кнігі «Не бойцеся ахвяраў і пакут» пра героя антыбальшавіцкага паваеннага супраціву Расціслава Лапіцкага. Расказвае каардынатар перавыдання Алесь Мазанік:

— Яшчэ восенню мінулага года, дзесьці ў верасні, мы сустрэліся са спадаром Міхасём, і ён агучыў прапанову перавыдання збору дакументаў і матэрыялаў пра Расціслава Лапіцкага, якое даўно плануецца, але ніяк не можа здзейсніцца. Спадар Міхась заўсёды моцна перажываў, калі ягоныя даследаванні не маглі выдаць або распаўсюдзіць, ён заўсёды казаў, што ягоныя кнігі — як кулі, а кулі мусяць страляць, а не ляжаць у шафе.

Паводле словаў Алеся, Міхась Чарняўскі цягам восені і пачатку зімы паспеў цалкам завершыць працу над перавыданнем:

— Калі спадар Міхась да мяне звярнуўся з нагоды выдання, для мяне было гонарам паклапаціцца пра ягонае ажыццяўленне. Мы заняліся вёрсткай, падборам фотаздымкаў і г.д. На жаль, нягледзячы на тое, што спадар Міхась паспеў унесці ўсе карэктывы і вычытаць усе моманты, а кніжка была гатовая для друку, можа, нават месяц таму, мы не паспелі яе надрукаваць.

Алесь Мазанік мяркуе, што гэта святая справа — выканаць цяпер апошнюю волю выбітнага беларуса. Алесь прапануе ажыццявіць выданне талакою:

— Цяпер, калі, на вялікі жаль, спадара Міхася з намі ўжо няма, я лічу, што трэба давесці справу да канца. Трэба выдаць гэтую кнігу, і зрабіць гэта пажадана грамадою. Я часта сустракаўся з пытаннямі неабыякавых людзей, якія хацелі штосьці зрабіць як для Беларусі ўвогуле, так і для канкрэтнага чалавека. Спадара Міхася вельмі шмат маіх знаёмых шанавалі і засмучаліся, што не могуць яго асабіста падтрымаць. Цяпер мы маем унікальную магчымасць зрабіць дабрачыннае выданне пра галоўнага героя твораў спадара Міхася — Расціслава Лапіцкага, якое можа не трапіць на паліцы кнігарняў. Ужо ўсё гатова для выдання, засталося знайсці грошы і ўласна надрукаваць. Гэтае выданне мусіць быць зробленае да 40 дзён з дня смерці выбітнага беларуса.

Алесь заклікае не адкладаць падпіску на кнігу, бо, імаверна, у вольны продаж яна не паступіць праз невялікі наклад.

Увесь прыбытак ад кнігі Алесь перадасць сям’і Міхася Чарняўскага. Імаверна, сродкі пойдуць на намагільны помнік нябожчыку.

Алесь Мазанік: Вельмі істотна, што праз гэтае дабрачыннае выданне мы, беларусы, можам паказаць, што не толькі на словах можам выказваць спачуванне, але й на справе дапамагаць вартым людзям. Таму кожны, хто ахвяруе на кнігу, здолее дапамагчы сям’і спадара Міхася. Таму я заклікаю ўсіх неабыякавых беларусаў падтрымаць гэтую акцыю, далучыцца да яе й разам выканаць апошнюю волю спадара Міхася.

Вечарына памяці Міхася Чарняўскага адбудзецца на сядзібе партыі БНФ на 40-ы дзень пасля смерці навукоўца — 28 лютага, а 18-й гадзіне. Там адбудзецца невялікі канцэрт памяці Міхася Чарняўскага. Кожны, хто ахвяруе на кнігу, атрымае яе там ва ўрачыстай абстаноўцы. Звязацца з ініцыятарам перавыдання і загадзя замовіць кнігу можна па мабільным тэлефоне +375-29-757-58-67, а таксама праз электронную пошту [email protected] ці праз скайп ales_mazanik.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?