Пасля пералічэння Мінску чарговага транша крэдыту з Антыкрызіснага фонду ЕўрАзЭС (440 млн. долараў ЗША) 31 студзеня Еўразійскі банк развіцця (ЕАБР) распаўсюдзіў паведамленне, у якім выказана заклапочанасць некаторымі тэндэнцыямі ў беларускай эканоміцы.

ЕАБР «адзначае дзейснасць намаганняў урада і Нацыянальнага банка Беларусі ў выкананні стабілізацыйнай праграмы, што прывяло ў 2012 годзе да рэзкага тармажэння інфляцыі ў параўнанні з вельмі высокімі ўзроўнямі, якія адзначаліся годам раней (21,8% супраць 108,7% за 2011 год), значнага скарачэння дэфіцыту па рахунку бягучых аперацый (да -2,8% ВУП у 2012 годзе ў параўнанні з -10,5% ВУП у 2011 годзе) і папаўнення міжнародных рэзерваў да ўзроўню, які забяспечвае амаль два месяцы імпарту краіны».

Адначасова банк «выказвае заклапочанасць усё яшчэ празмерным узроўнем крэдытнай экспансіі».

«Намаганні па стабілізацыі эканомікі павінны быць працягнуты, з тым каб дабіцца далейшага тармажэння інфляцыі, бягучы ўзровень якой ўяўляецца кіраўніку (маецца на ўвазе ЕАБР) усё яшчэ празмерна высокім. Патрабуецца яго далейшае зніжэнне шляхам падтрымання жорсткай грашова-крэдытнай і падаткова-бюджэтнай палітыкі, якая павысіць прадказальнасць эканамічнай сітуацыі і спрыяльна паўплывае на ўспрыняцце краінавай рызыкі інвестарамі і крэдыторамі», — адзначаецца ў паведамленні.

«

Аб неабходнасці працягу намаганняў па стабілізацыі эканомікі гаворыць і прыкметнае пагаршэнне гандлёвага балансу краіны з другой паловы мінулага года, — падкрэсліваецца ў прэс-рэлізе.
— У гэтых умовах працяг крэдытнай экспансіі прывядзе да новага паскарэння тэмпаў інфляцыі, зноў аслабіць плацежны баланс і абцяжарыць вырашэнне задачы нарошчвання золатавалютных рэзерваў краіны да эканамічна бяспечнага ўзроўню».

У адпаведнасці з рашэннем савета фонду, уладамі Беларусі і кіраўніком сродкаў АКФ пачата падрыхтоўка ліста аб намерах на 2013 год, у якім «будуць узгоднены ўмовы выдзялення наступных траншаў, уключаючы меры, накіраваныя на працяг жорсткай грашова-крэдытнай палітыкі, што павінна забяспечыць далейшае тармажэнне інфляцыі і паляпшэнне інвестыцыйных перспектыў краіны».

Выдзяленне крэдыту Беларусі ў аб’ёме 3 млрд. долараў ЗША было ўхвалена саветам АКФ 4 чэрвеня 2011 года. З улікам чацвёртага транша ў цэлым краіне пералічана 2,12 млрд. долараў «на мэты падтрымання плацежнага балансу і папаўнення міжнародных рэзерваў».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?