Як паведаміў «Нашай Ніве» старшыня ГА «Беларускае добраахвотнае таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры» Антон Астаповіч, сёння раніцай, 1 лютага, ён атрымаў паведамленне пра ўключэнне яго ў працоўную групу па праекце «Унясенне зменаў у горадабудаўнічы праект дэталёвага планавання рэканструкцыі, рэстаўрацыі, аднаўлення і добраўпарадкавання Гістарычнага цэнтра Мінска».

«Сёння, а 8-й раніцы я атрымаў ліст ад Адміністрацыі Цэнтральнага раёна Мінска з адказам на скаргі пра парушэнні падчас правядзення грамадскага абмеркавання праекта. У ім не было ні слова пра ўключэнне мяне ў склад камісіі. Я падумаў, што зараз прыйдзецца зноўку скардзіцца, пісаць лісты ў пракуратуру., — кажа Антон Астаповіч. — Але ўжо праз дзве гадзіны мне патэлефанаваў галоўны інжынер „Мінскай спадчыны“ Міхаіл Жых і паведаміў што я залічаны ў склад працоўнай групы. Яны чамусьці называюць гэта „працоўнай групай“, хоць па законе гэта завецца „камісія па правядзенні грамадскіх абмеркаванняў“. Таксама мне паведамілі, што ў панядзелак мяне чакаюць у Адміністрацыі Цэнтральнага раёна. Там камісія будзе ускрываць урны з прапановамі і скаргамі, рэгістраваць іх, працаваць з імі і з праектам далей».

«Зараз я магу сказаць, што грамадскі кантроль за абмеркаваннем праекта забяспечаны, хоць і не ведаю, ці ўвялі ў склад камісіі якога-небудзь іншага прадстаўніка грамадскасці акрамя мяне. Відаць, грамадскі ціск прынес свае вынікі. І гэта ўжо добра, што існуе хоць нейкі дыялог. Мы з Міхаілам Іосіфавічам (Жыхам) можам займаць розныя пазіцыі, але тым не менш мы таксама заўсёды можам прыйсці да дыялогу. І я ацэньваю гэта пазітыўна», — дадаў Антон Астаповіч.

Праект «Унясенне зменаў у горадабудаўнічы праект дэталёвага планавання рэканструкцыі, рэстаўрацыі, аднаўлення і добраўпарадкавання Гістарычнага цэнтра Мінска» і яго грамадскае абмеркаванне прыцягнула шмат увагі праз супярэчлівыя прапановы архітэктараў: шмат жылых дамоў у цэнтры горада прапануецца знесці, каб пабудаваць на іх месцы аб’екты інвестыцыйных дамоў, якія не маюць ніякай культурнай каштоўнасці.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?