«Тут будзе пабудавана найлепшая атамная станцыя ў свеце — самая сучасная і бяспечная»,
— заявіў генеральны дырэктар расійскай дзяржаўнай карпарацыі «Расатам» Сяргей Кірыенка 1 лютага ў Астравецкім раёне (Гродзенская вобласць) на цырымоніі ў сувязі з пачаткам чарговага этапу работ па будаўніцтве Беларускай АЭС, падрыхтоўкі катлавана пад другі энергаблок.

Паводле слоў Кірыенкі, наперадзе ў АЭС ад 60 да 80 гадоў працы. «Гэта азначае будучыню горада на сотні гадоў наперад», — дадаў ён.

Кіраўнік «Расатама» падкрэсліў, што гэта будзе ўзорна-паказальная будоўля, якую можна дэманстраваць замежным замоўцам.

«Мы зараз разглядаем магчымасць запрасіць сюды нашых партнёраў з Бангладэш і В’етнама, якія збіраюцца будаваць свае першыя атамныя станцыі.
Ім ёсць чаму павучыцца тут, у Астраўцы, у беларускіх будаўнікоў», — сказаў Кірыенка.

Першы віцэ-прэм’ер Беларусі Уладзімір Сямашка, выступаючы на цырымоніі, заявіў: урад не сумняваецца ў тым, што станцыя будзе пабудавана ў запланаваныя тэрміны.

Катлаван пад другі энергаблок, паводле яго слоў, павінен быць гатовы да арміравання да 1 верасня 2013 года. Такім чынам, адзначыў першы віцэ-прэм’ер, разрыў паміж будаўніцтвам першага і другога энергаблокаў скароціцца прыкладна да шасці месяцаў (раней планавалася, што гэты разрыў складзе 1–1,5 года).

Сямашка і Кірыенка разбілі бутэльку шампанскага аб экскаватар, які выняў першы коўш зямлі новага катлавана. Папярэдне месца катлавана асвяцілі каталіцкія і праваслаўныя святары.

Вечарам у Мінску прадстаўнікі беларускага і расійскага ўрадаў падпішуць пагадненне аб супрацоўніцтве ў сферы ядзернай бяспекі. Чакаецца, што подпісы пад дакументам паставяць міністр энергетыкі Беларусі Аляксандр Азярэц і Сяргей Кірыенка. Гэтае пагадненне будзе спрыяць фарміраванню нарматыўнай базы, якая тычыцца развіцця інфраструктуры ядзернай бяспекі Беларусі і падтрымання бяспекі на высокім узроўні.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?