З 20 па 24 ліпеня ў Беларусі затрыманы больш за 60 актывістаў дэмакратычнага руху. Гэтыя звесткі прыводзіць Камітэт абароны рэпрэсаваных «Салідарнасць» руху «За свабоду».

20 ліпеня падчас аўтапрабегу салідарнасці з Дзмітрыем Дашкевічам у Шклове былі затрыманыя 13 чалавек. На Сяргея Гіркіна складзены пратакол за распаўсюджванне друкаванай прадукцыі. Па дарозе Салігорск — Магілёў затрыманы Алесь Мілінец. За вывешванне расцяжкі Кірыл Мацкевіч і Уладзімір Сяргееў асуджаны на 10 і 15 сутак адміністрацыйнага арышту адпаведна. На плошчы Якуба Коласа ў Мінску затрыманы і збіты Максім Сергіец. Увечары супрацоўнікі міліцыі і КДБ правялі вобыск на кватэры актывісткі Насьці Азаркі.

22 ліпеня на польска‑беларускай мяжы затрыманы некалькі дзесяткаў чалавек, якія вярталіся з фестывалю беларускай музыкі «Басовішча». У аматараў беларускай музыкі забралі пашпарты, надгледзелі рэчы і склалі пратаколы.

23 і 24 ліпеня за распаўсюджванне ўлётак з запрашэннем на Свята Незалежнасці 27 ліпеня і «Еўрапейскі марш» прыгавораны да адміністрацыйных арыштаў на тэрмін ад 7 да 15 сутак Павел Севярынец, Аляксей Шэін, Сяргей Клюеў, Юрый Вольсан, Аляксей Бондар, Валянцін Сакалоўскі, Аляксандр Чарнышоў, да штрафаў — Марыя Серая і Кася Сахардзінава. У кватэры Барыса Гарэцкага быў праведзены вобыск.

Сяргей Каралевіч, БелаПАН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0