25 ліпеня споўніўся год, як ня стала народнага пісьменьніка Беларусі, ляўрэата многіх літаратурных прэміяў СССР і БССР, клясыка айчыннай літаратуры Янкі Брыля.

Сёньня родныя і сябры сабраліся на магіле пісьменьніка, каб ушанаваць памяць, згадаць добрым словам Івана Антонавіча. Згодна з запаветам клясыка, пахаваны ён на могілках у менскім прыгарадзе Калодзішчы, побач з жонкай Нінай Міхайлаўнай.

Як народны пісьменьнік Янка Брыль мог быць пахаваны на Ўсходніх могілках. Але некалькі гадоў таму, калі памерла жонка, яму не дазволілі пахаваць яе ні на Ўсходніх, ні на Кальварыйскіх могілках. Разлучацца з каханай, зь якой пражыў амаль шэсьцьдзесят гадоў, Янка Брыль не захацеў, таму цяпер магілы іх побач.

Дзяржава ніякага дачыненьня да ўстаноўкі помніка ня мае. Гэта будзе сьціплы помнік без усялякіх барэльефаў, гарэльефаў

Афіцыйныя ўлады ні ў пахаваньні год таму, ні ва ўшанаваньні памяці пісьменьніка ніякай дапамогі сям’і не аказалі. Помніка на магіле пакуль няма. Сям’я мяркуе ўсталяваць яго ўвосень.

Распавядае дачка народнага пісьменьніка Натальля Семашкевіч:

«Мы не зьвярталіся па дапамогу, таму і ніякай прапановы не было. А помнік… Паколькі бацька — чалавек старой загартоўкі, ён усё пакінуў на помнік, распавёў, што зрабіць, як зрабіць. Ён як цьвярозы чалавек ведаў, што ніякай дапамогі не дачакаесься, таму сям’я гэтым займаецца».

Гісторык, публіцыст, блізкі сябар сям’і Янкі Брыля Анатоль Сідарэвіч кажа:

«Дзяржава ніякага дачыненьня да ўстаноўкі помніка ня мае. Граніт для помніка Івану Антонавічу прывезены з Жытомірскай вобласьці, так што неўзабаве будзе яму помнік. Гэта будзе сьціплы помнік без усялякіх барэльефаў, гарэльефаў».

За шэсьцьдзесят гадоў творчай дзейнасьці Янка Брыль напісаў дзясяткі кніг, апавяданьняў, аповесьцяў, мініятур, дакумэнтальных хронік. У яго вялікія архівы.

Але што да выданьня поўнага збору твораў клясыка, дык на гэта час яшчэ не прыйшоў, сьцьвярджае Анатоль Сідарэвіч:

«Яшчэ многае цяпер нельга раскрываць. Ён даў пэўны тэрмін на раскрыцьцё ягонага машынапіснага і рукапіснага архіву, таму немагчыма поўны збор пакуль выдаваць. Трэба пачакаць мінімум чатыры гады. Тое, што выдавалася, дзякуй Богу, яно выходзіла някепска ў Івана Антонавіча. А астатняе — дасьць Бог, перачакаем гэты тэрмін і пачнем друкаваць».

Сёлета 4 жніўня Івану Антонавічу споўнілася б 90 гадоў. Пакуль ніякіх афіцыйных урачыстасьцяў і імпрэзаў з гэтай нагоды не плянуецца, акрамя фотавыставы.

Да сваякоў ніхто не зьвяртаўся, кажа дачка Янкі Брыля Натальля Семашкевіч:

«2 жніўня ў Літаратурным музэі будзе адкрыцьцё фотавыставы, прысьвечанай 90‑годзьдзю. Там будуць некаторыя рэчы, кнігі з кабінэта Івана Антонавіча, і шмат фатаздымкаў зь сямейнага архіву. Пакуль больш ніхто не зьвяртаўся».

Магчыма, увосень, пасьля адпачынкаў і вакацыяў родныя і сябры Янкі Брыля зладзяць вечарыну, прысьвечаную 90‑годзьдзю пісьменьніка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?