Як жа так? адзін чалавек!
Адзін чалавек – і вось так-так!
З бляклым позіркам з-пад павек
З біяграфіяй на пятак
У спінжаку не сваго пляча
У крыўдах (збольшага без падстаў)
Сеў за стол і пісаць пачаў
А як скончыў - гадзіннік стаў.

Ён напісаў прыблізна вось такое:
Што дыск ёсць формаю зямлі,
А сонца грэе
Лясы і рэкі і палі
Гіпербарэі.
І што ўраджай на тых палях
Збіраць пара нам,
А белы кіт укажа шлях
Сямі баранам.

Закрэсліў. І перапісаў.
…А белы Кіт укажа шлях
Сямі абраным.

Кіт - ёсць Вада і Берагі.
Ён носіць Слова,
Якое скраў на дзень другі
У Рыбалова,
Калі Рыбак пісаў яго
На водным плёсе,
Як склад адказу да ўсяго
У нашым лёсе.
Цяпер не шчасціць Рыбаку:
Кіт ходзіць нізка
А сам жыве на тым баку
зямнога дыска,
Дзе заламаны далягляд
І запаветам
Нам сцерагчыся ёсць загад
Тых, хто жыве там.

Уфф…
Вось і ўстаў чалавек. Распрастаў на спіне бугор.
І спінжак на ім ужо лепей сядзіць. Добра сядзіць. Ваў.
Браў пяро драўляным пальцамі – атрымаў багор.
І багром ставіў кропку – нібыта кіта забіваў.
Кожны, кожны атрымае свой экзэмпляр і удвая
Стане лягчэй, калі ў школе раскажуць тады
Што пад намі ў цемры зямля антыподавая.
Там жыццё-не жыццё і нікому няможна туды.
Мілы школьнік! Таварыш! Дык дай жа сваю руку.
Ведай,кольнік, другімі твой сплочаны сон.
Аніколі не дрэмле вораг на тым баку
Але чуе вораг як мы пяём ва ўнісон:
“Уставай гіпербарэя
Ты на смяротны бой
Пад сонцам што нас грэе
Мы рушым за табой!”
І людзі радаваліся! Куды падзеўся сум?
Свет простым стаў і цяплейшым неба блакіт.
А чалавек напісаў: “Cogito ergo sum.
Думайце пра кіта і будзе ў вас свой кіт”.

Нехта, канечне, перажываў і прасіў людзей адумацца:
Як жа так? Пачакайце. Вы бачылі, што ён пісаў, ці не?
Гэта ж бязглуздзіца. Глупства, мішура. Фу.
А навошта вы слухалі, пераказвалі, павышалі у цане?
Хаця, канешне, - як не ацэніш такую страфу...

Тым часам чалавек сказаў:
"я не раю
на плоскай зямлі падыходзіць да краю.
І дадаў.
"Вось мудрасць мая ў скрыжалі"
Людзі слухалі яго, бо любілі. Баяліся. Паважалі.

Ну што?
Чалавек, чалавек, чалавек. Чшшшшшш.
Слухай. Калі гадзіннік спыніў хаду,
Вада палілася. Свет стаў плоскім, бачшшшш?
А ведаеш, хто толькі што зайшоў у ваду?
Кіт. Белы кіт, той, што слова хавае нібы
(Слова, якое рыбак напісаў, калі
Зямля стала плоскай і колеру раскатанай губы)
Ад тых, хто ніколі не з’явіцца на гэтай зямлі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?