Музеефікацыю Мірскага замка плануецца завяршыць у 2009 годзе. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведаміў дырэктар Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі Уладзімір Пракапцоў. Замкавы комплекс у г.п.Мір з’яўляецца філіялам музея.
Экспазіцыя будзе размешчана ва ўязной і паўднёва‑ўсходняй вежах, сказаў У. Пракапцоў. У яе склад увойдуць як экспанаты, якія знаходзяцца ў фондах музея, так і частка запазычаных. У прыватнасці, размова ідзе пра копіі радзівілаўскіх карт, якія захоўваюцца ў Расійскай дзяржаўнай бібліятэцы. З гэтай бібліятэкай, адной з самых буйных у свеце, Нацыянальны мастацкі музей Беларусі нядаўна падпісаў дакумент аб супрацоўніцтве.
Гаворачы пра ход рэканструкцыі Мірскага замка, Уладзімір Пракапцоў дадаў, што да канца бягучага года плануецца завяршыць работы ў вежах, здаць апартаментную частку, падземны ўзровень з рэстараннай часткай. Акрамя таго, сёлета будзе завершана ўнутраная і знадворная аддзелка капліцы‑магільнага склепа Святаполк‑Мірскіх.
БЕЛТА