Унікальная калекцыя твораў XV — XVII стагоддзяў захоўвалася ў звычайнай маскоўскай кватэры. Знакаміты мастак-авангардыст Элій Бялюцін, працягваючы справу сваіх продкаў, доўгія гады захоўваў шэдэўры заходнееўрапейскага мастацтва. Збор перажыў вайну і 90-я. Летась Элій Бялюцін памёр. Неацэнную калекцыю чакае новая прапіска.

1 красавіка 2013 года жонка Бялюціна Ніна Молева перастане быць уладальніцай самага буйнога прыватнага збору жывапісу ў Расіі.
Калекцыя, якая захоўваецца ў яе кватэры, ацэньваецца ў суму ад некалькіх соцень мільёнаў да 2 мільярдаў даляраў.

«Гэта Рэмбрант, — паказвае Ніна Молева. — Вось гэта — калі прыехалі італьянскія спецыялісты, з імі была літаральна істэрыка — гэта малады Мікеланджэла».

Тут Рубенс і Ван Дэйк, там Эль Грэка і Леанарда да Вінчы. Каты, якія жывуць у кватэры, да наведнікаў прывыклі. Хаваюцца ад граху падалей — да Рэмбранта бліжэй.

Некалькі тыдняў таму ў гэтай кватэры пабывалі высокапастаўленыя чыноўнікі з Крамля.
І паведамілі, што просьба, з якой гаспадыня звярнулася да прэзідэнта Расіі, задаволеная.

«Я ўступіла ў правы спадчыны і напісала, выказваючы нашу агульную волю, тэстамент, што ўся гэтая калекцыя, якая налічвае 155 гадоў, перадаецца Расіі ў асобе яе прэзідэнта», — кажа Ніна Молева.

У распараджэнні, падпісаным Уладзімірам Пуціным, гаворыцца, што згодна з просьбай цяперашняга ўладальніка Ніны Молевай да 1 красавіка калекцыя пяройдзе ва ўласнасць дзяржавы. На бязвыплатнай аснове, але з адной умовай.

«Яна катэгарычна супраць таго, каб разрозненыя часткі апынуліся ў розных расійскіх музеях, хай нават у самых знакамітых, — кажа дарадца прэзідэнта РФ па пытаннях культуры Уладзімір Талстой. — Таму тым жа даручэннем прэзідэнта Расмаёмасць, упраўленне справамі прэзідэнта шукаюць варыянты, каб размясціць калекцыю ў нейкім асобным будынку, памяшканні».

Ля пад’езда дома, дзе жыве Ніна Молева, цяпер кругласутачна дзяжурыць паліцыя.
Жыхароў з кватэры зверху мэрыя перасяліла яшчэ некалькі гадоў таму — каб не затапілі шэдэўры.

Заснавальнік калекцыі — дзед Элія Бялюціна Іван Грынёў. Выхадзец з простай сям’і з Галіча, ён, па словах Ніны Міхайлаўны, зарабляў тым, што ствараў дэкарацыі ў маскоўскай канторы імператарскіх тэатраў. І, кажуць, нядрэнна зарабляў.

«Ён ездзіў у Еўропу і там на аўкцыёнах, на распродажах асабістых калекцый набываў рэчы, якія яму раілі Каровін, Галавін — мастакі, з якімі ён працаваў», — кажа Ніна Молева.

Пасля рэвалюцыі і да 1949 года калекцыя захоўвалася ў тайніку. Пазней, па словах Ніны Молевай, савецкія ўлады чамусьці не выказвалі да яе цікавасці, хоць выдатна ведалі, якія скарбы захоўваюцца ў звычайнай маскоўскай кватэры.

Цяпер у гэтай кватэры больш за 1000 экспанатаў музейнага ўзроўню. Па словах Ніны Молевай, яна заўсёды ведала, што рана ці позна з гэтымі рэчамі давядзецца расстацца. Пачынаючы збіраць калекцыю, Грынёў, па яе словах, з самага пачатку збіраўся стварыць менавіта агульнадаступны музей. Проста яго адкрыццё расцягнулася на больш чым 150 гадоў.

Дарэчы, удава Бялюціна Ніна Молева — гэта каханне Караткевіча, прататып гераіні «Нельга забыць». Адносіны між імі развіваліся ў часе, калі Караткевіч вучыўся ў Маскве ў Літінстытуце, а Молева была выкладчыцай гісторыі мастацтва там.
Яна моцна хварэла ў той час, лекавалася ў Вене, што было выключнай рэдкасцю для савецкага часу. Як выявіў беларускі даследчык Дзяніс Марціновіч, Караткевіч нават ставіў перад сабой задачу зарабіць столькі грошай, каб купіць для сябе з Молевай дом пад Масквой, але ягоным рамантычным спадзяванням не судзілася збыцца.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?