Дэлегацыя, якую ўзначальвае міністр фінансаў Беларусі Андрэй Харкавец, пачала 4 лютага серыю сустрэч з патэнцыяльнымі пакупнікамі новага выпуску беларускіх еўрааблігацый.
Інфармацыю пра пачатак роўд-шоу пацвердзілі ў Мінфіне і Мінэканомікі.
«У склад дэлегацыі ўваходзіць таксама міністр эканомікі Мікалай Снапкоў»,
— паведамілі ў Мінэканомікі. Прэзентацыя новага выпуску беларускіх еўрааблігацый будзе праходзіць з 4 па 7 лютага, удакладнілі ў Мінфіне. Там таксама адзначылі, што ў склад дэлегацыі, якая адправілася ў Еўропу, уваходзіць першы намеснік старшыні праўлення Нацбанка Юрый Алымаў.
Плануецца, што на працягу чатырох дзён беларуская дэлегацыя правядзе сустрэчы з патэнцыяльнымі пакупнікамі даўгавых папер, якія пройдуць у Швейцарыі, а таксама ў Германіі (Мюнхене) і Вялікабрытаніі (Лондане).

Нагадаем, што раней Беларусь ужо размясціла два выпускі еўрааблігацый. Летам 2010 года краіна выходзіла на еўрапейскі рынак з дэбютным выпускам аблігацый на 600 млн. долараў і размясціла іх са стаўкай купона 8,75% гадавых. У жніўні 2010 года адбылося даразмяшчэнне дэбютнага выпуску еўрааблігацый на суму 400 млн. долараў.

Другі выпуск беларускіх еўрабондаў адбыўся ў студзені 2011 года. Тады беларускаму боку ўдалося размясціць сямігадовыя аблігацыі на 800 млн. долараў, купонны даход па якіх склаў 8,95% гадавых.

Трэці выпуск еўрааблігацый беларускія ўлады плануюць накіраваць на рэфінансаванне існуючых знешніх даўгоў, пік плацяжоў па якіх прыпадае на 2013–2014 гады. Кіраўнік Мінфіна Беларусі летась заяўляў, што з дапамогай трэцяга выпуску еўрааблігацый краіна плануе прыцягнуць на знешнім рынку 500–600 млн. долараў.

Як паведамлялася раней, Беларусі неабходна выплаціць знешнім крэдыторам сёлета 3 млрд. долараў. Больш за палову гэтай сумы прыпадае на пагашэнне абавязацельстваў перад Міжнародным валютным фондам.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?