Аляксандр Шамко, ледзь узначаліўшы спартыўную галіну, дазволіў сабе выпад супраць двухразовага прызёра лонданскай Алімпіяды, якая заявіла, што ёй сімпатычны бел-чырвона-белы сцяг.

4 лютага ў Мінску міністр спорту і турызму Аляксандр Шамко на пасяджэнні калегіі ведамства выказаўся за ўзмацненне ідэалагічнай працы ў галіны, піша «БелаПАН».

— Ідэалагічная праца з’яўляецца эфектыўным сродкам згуртавання сіл для дасягнення пастаўленай мэты, — сказаў Шамко.

Паводле яго слоў, тут патрабуюцца не толькі веды, але і «пэўны ўзровень асабістай культуры». Шамко паскардзіўся на тое, што праца ў гэтай сферы вядзецца фармальна і ад выпадку да выпадку,

а некаторыя выказванні «нашых выхаванцаў» «з лёту падхопліваюць нашы «свядомыя» так званыя».

Верагодна, міністр, які працаваў да восені ў МНС, меў на ўвазе Аляксандру Герасіменю, якая не так даўно заявіла, што «з пункту гледжання эстэтыкі «бел-чырвона-белы сцяг ёй больш „сімпатычны“, чым чырвона-зялёны».

Паказальна, што па словах таго ж Шамко, толькі 38% беларускіх атлетаў, якія прэтэндавалі на алімпійскія медалі ў Лондане, змаглі рэалізаваць свой патэнцыял.

У сувязі з гэтым дазволім сабе пагадзіцца з міністрам — але толькі ў частцы таго, што ідэалагічная праца сярод спартсменаў была пастаўлена дрэнна.

Як паказвае прыклад Аляксандры Герасімені, якая прывезла з Лондана два «срэбры», калі б усе з такой сімпатыяй ставіліся да бел-чырвона-белага сцяга, то і вынікі ў зборнай Беларусі былі б вышэйшыя.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?