За паўтара года доля айчынных тавараў у агульным аб’ёме продажу ў Мінску скарацілася на 10 працэнтаў.
Пра гэта паведаміў на прэс‑канферэнцыі 25 ліпеня начальнік галоўнага ўпраўлення спажывецкага рынку Мінгарвыканкама Міхаіл Еўтухоўскі.
Паводле яго слоў, у першым паўгоддзі 2007 года доля айчынных тавараў у аб’ёме продажу складала 61,6%, прычым у харчовай групе тавараў — 77,3%, у нехарчовай — 45,1%. «Нас вельмі хвалюе скарачэнне ў аб’ёме продажу тавараў айчыннай вытворчасці», — сказаў М.Еўтухоўскі.
Разам з тым, зазначыў ён, «па сацыяльна значных таварах з харчовай групы асноўная доля ў аб’ёме продажу прыпадае на тавары айчынных вытворцаў». У тавараабароце мяса і птушкі доля беларускіх вытворцаў у першым паўгоддзі складала 97,6% ад усёй наменклатуры тавараў, каўбасных вырабаў — 99,5%, натуральнамалочнай прадукцыі — 94,9%, сыру — 93,6%, масла — 99%. У нехарчовай сферы доля айчынных тэлевізараў склала 96%, халадзільнікаў і маразільнікаў — 76,4%, веласіпедаў — 94,6%, трыкатажных вырабаў — 76,6%.
Ён таксама пракаментаваў заяву міністра гандлю Аляксандра Іванкова, зробленую 19 ліпеня на выязной калегіі Мінгандлю, аб недахопе беларускіх тавараў у гіпермаркетах, а таксама прапанову бясплатна выдзеліць у буйных гандлёвых цэнтрах Мінска па 50‑60 квадратных метраў плошчы для рэалізацыі прадукцыі канцэрна «Беллегпрам». «Гэтае пытанне патрабуе абмеркавання», — лічыць М.Еўтухоўскі.