Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў забяспечваць якаснае медыцынскае абслугоўванне насельніцтва. Аб гэтым ішла размова 4 лютага ў час сустрэчы кіраўніка дзяржавы з міністрам аховы здароўя Васілём Жарко,
паведамілі ў прэс-службе.

Асноўнай тэмай абмеркавання быў праект закона аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у закон «Аб ахове здароўя».

У пачатку сустрэчы Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што не запрашаў бы міністра для таго, каб абмеркаваць змяненні ў закон «Аб ахове здароўя», калі б там не было фінансавага складальніка і новых напрамкаў па змяненню існуючага стану спраў у гэтай сферы, што звязана з пэўнымі тратамі дзяржаўнага бюджэту.

Ён падкрэсліў: «Па-першае, мяне гэта здзіўляе, таму што міністр аб гэтым гаварыў і ва ўрадзе гучаць прапановы аб тым, каб нам хаця б частку расходаў на ахову здароўя перанесці на саміх людзей.
А тут прапануецца трата яшчэ дадатковых сродкаў за пэўныя працэдуры ў бальніцах дзённага ўтрымання. Гэта неяк дысаніруе з вашымі прапановамі».
«Напэўна, зноў непапулярна скажу — у нас жа здароўе нічога не каштуе. У нас людзі не прывыклі клапаціцца аб сваім здароўі.
Мы ўсе ведаем па сабе, што калі б выконвалі рэкамендацыі ўрачоў і дзейнічалі з улікам існуючага вопыту, то хварэлі б у два разы менш. Але ў нас можна напіцца, нагу зламаць, потым дзяржава за кошт іншых людзей лечыць, можна ў сувязі з курэннем атрымаць значную шкоду здароўю», — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка ўпэўнены, што неабходна больш увагі ўдзяляць здароваму ладу жыцця.

Ён канстатаваў: «У нас замест таго каб спортам заняцца, некаторыя людзі п’юць, седзячы дома і разумеючы, што гэта здароўя не прыбаўляе, а наадварот, моцна адымае.
На Захадзе прымусілі ўсё насельніцтва плаціць за сваё здароўе. Вядома, мы да гэтага не гатовы — патрабаваць ад насельніцтва поўнай аплаты за ўтрыманне ў бальніцах, за лячэнне. Не гатовы».
Але разам з тым, лічыць Аляксандр Лукашэнка, па меры росту заработнай платы, вядома, калісьці паўстане гэта пытанне.
«Думаю, мы і так сёння трацім значныя грошы на тое, каб захаваць чалавеку здароўе. Мы трацім каласальныя грошы, мільярды долараў на мадэрнізацыю аховы здароўя і нямала ў гэтым плане дасягнулі. Вядома, мы частку расходаў пакрываем за кошт лячэння людзей з-за мяжы, гэта таксама пэўны шлях. Але пытанне ў тым, дадаткова сёння траціць або не траціць», — адзначыў ён.

Аляксандр Лукашэнка лічыць, што трэба замацавацца на цяперашнім узроўні і забяспечыць якаснае лячэнне людзей і нармальнае стаўленне да іх.

«Ці не прывядуць гэтыя змяненні да эфекту ланцуговай рэакцыі: сёння — урачу, заўтра — скажа настаўнік, ён мае права так паставіць пытанне па некаторых прапановах, якія вы ўносіце.
Таму трэба вельмі акуратна падыходзіць да гэтых рэчаў, якія патрабуюць нават не мільярды, а трыльёны рублёў на забеспячэнне гэтых мерапрыемстваў», — адзначыў Лукашэнка.
Васіль Жарко праінфармаваў, што Міністэрства аховы здароўя праводзіць сістэмную работу па эканомнаму расходаванню грашовых сродкаў на ўтрыманне лячэбных устаноў і на мадэрнізацыю.
На яго думку, у краіне дастаткова ложка-месц для лячэння людзей.

Паводле яго слоў, новым законапраектам прадугледжваецца шэраг дапаўненняў у частцы прафілактыкі захворванняў, аховы рэпрадуктыўнага здароўя, а таксама ўрачэбнай тайны, у прыватнасці, прапануецца пашырыць пералік асоб, якім будзе па іх запытах выдавацца гэта інфармацыя. Акрамя таго, будуць пашыраны віды аказання медыцынскай дапамогі, у тым ліку пацыентам дома. Змяненні таксама прадугледжваюць кампенсацыю сродкаў за аказанне медыцынскай дапамогі ў лячэбных установах грамадзянамі, якія нанеслі шкоду свайму здароўю ў выніку ўжывання алкаголю або наркатычных сродкаў

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?