Упершыню за 18‑гадовую гісторыю фэст ва ўрочышчы Баро праходзіў у тры дні. Мажлівасьць выступіць атрымалі як мясцовыя панкі‑пачаткоўцы, так і замежныя госьці. «А ў вас тут душэўна прымаюць», — кажа перад выхадам на сцэну лідэр літоўскага гурту «Mountainside». Госьць не расчараваўся пасьля выступу, хоць на пляцоўцы перад сцэнай таўкліся толькі некалькі чалавек. Жыцьцё на «Басовішчы» пачынае віраваць пад вечар, калі выступаюць хэдлайнэры. Аднолькава добра прымаюць фолк‑мадэрн ад «Палацу», «казацкі рок» ад «Тінь Сонця», рэп ад «Чпб». Дэбютаваў на «Басовішчы» праект «Крамбамбуля». Дарэчы, арганізатары меркавалі запрасіць і «Ляпіс Трубяцкой», але ў тых быў канцэрт у Кіеве. Фэстываль перажыў «крызіс жанру»: калі некалькі год таму яго можна было сьмела назваць «фэстам цяжкага року», то сёлета музыка была напраўду на любы густ.

А што вы думаеце пра гэта?
Зьмясьціце свой камэнтар
да гэтага артыкулу.
Хай людзі вас пачуюць!

Перамагла музыка

Разынка кожнага «Басовішча» — конкурс маладых камандаў. Вакол яго з кожным годам усё болей спрэчак. Скепсіс найперш выклікае ўзровень удзельнікаў у апошнія два гады. Гуртоў, блізкіх да ранейшых ляўрэатаў, — «маўзэраў», IQ48, Indiga — і блізка няма. Сёлетні конкурс можна назваць адным з самых слабых у гісторыі «Басовішча». Заяўкі на ўдзел падала немалая колькасьць гуртоў — 53, аднак вартых перамогі было зусім няшмат. На агульным фоне адразу вылучылася наваполацкая каманда «Фляўс і Кляйн», якая пасьпела скарыць двойчы «Рок‑Кола» і «Рок‑каранацыю» у намінацыі «Лепшая рэгіянальная каманда». Адзіная бяда — гурт заўжды сьпяваў па‑расейску, але пад «Басовішча» пераклаў некалькі тэкстаў. Вакаліст гурту Сяргей (на фота справа) шалёна скакаў па сцэне, высалапіўшы язык ды надрыўна сьпяваў: «На гарызонце ў празрыстым зонце тое неба». Словаў было практычна не разабраць, затое энэргетыка ішла ад «Фляўсаў» — ого‑го! Журы пры вызначэньні пераможцы падзялілася: адны адстойвалі прынцып «беларускасьці», пад які «Фляўсы» не зусім падпадалі, другія на першае месца ставілі музычны чыньнік. Наваполацкі гурт усё ж перамог. Публіка ўспрыняла гэтую навіну неадназначна. Калі Сяргей з «Фляўса» пры ўручэньні прызу выбачаўся, што ня ведае беларускай і будзе казаць па‑расейску, яго ледзь не асьвісталі. На другое месца журы паставіла экстрымалаў з гурту «SOK», а на 3‑е — праект «Unia» з псэўдафолькавым адценьнем.

«Басовішчу» трэба зорка

На гэтым «Басовішчы», як ніколі, абвастрылася праблема «беларускасьці» музыкі. Маладыя каманды збольшага пяюць па‑расейску альбо па‑ангельску, а на родную мову пераходзяць толькі для ўдзелу ў пэўнай складанцы альбо фэстывалі. Зь іншага боку: хто цяпер узгадае, што «Індыга» i «IQ48» колісь сьпявалі па‑расейску? Тут не на мове трэба заганяцца. Выбірацца зь лякальнае пасткі, збудаваць большую сцэну, пашырыць інфраструктуру ды запрасіць зорку сусьветнага ўзроўню, — такія задачы мусяць стаяць перад арганізатарамі ў будучыні.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?