Віленскі акруговы суд адклаў на нявызначаны тэрмін справу грамадзяніна Беларусі, сябра Кансэрватыўна‑Хрысьціянскай партыі БНФ Алеся Янкоўскага. Апошні вымушана пражывае ў Бэльгіі, але ў Вільні мае працу ў адной зь мясцовых фірмаў. МЗС Беларусі патрабуе выдачы Янкоўскага.
Тры месяцы таму памежныя службы Летувы затрымалі Алеся Янкоўскага, звыш месяца ён правёў пад арыштам.
Сам Янкоўскі перакананы, што затрыманьне адбылося ў выніку сфабракаванасьці справы зь беларускага боку, які й перадаў справу ўладам Летувы. На падставе летувіскага заканадаўства, Алесь Янкоўскі зьвярнуўся ў адпаведныя ўстановы з прашэньнем аб атрыманьні статусу палітычнага ўцекача. Такое ж самае прашэньне Янкоўскі падаў і ў Бэльгіі. Міграцыйныя структуры Летувы раяць яму працягваць справу па месцы першапачатковага звароту — у Бэльгіі. Тым ня менш Янкоўскі ўдзячны летувісам, што яны не прынялі адназначнага рашэньня аб экстрадыцыі яго ў Беларусь.
Справа Алеся Янкоўскага разглядаецца як у Бэльгіі, так і ў Летуве. Якое рашэньне будзе прынятае пакуль невядома. Хутчэй за ўсё экстрадыцыя па сфальсыфікаванай крымінальнай справе грамадзяніну Беларусі не пагражае.