Праз 70 гадоў і адзін дзень, 29 студзеня, на радзіме кінематаграфіста прайшлі памятныя мерапрыемствы, прымеркаваныя да юбілею рэжысёра.

На першы погляд вёска Федзюкі Ляхавіцкага раёна Брэсцкай вобласці не адрозніваецца ад іншых. З Брэста пры адсутнасці машыны туды не адразу дабярэшся: давядзецца ехаць цягніком да Баранавічаў, а затым рабіць перасадку на аўтобус, які рухаецца ў кірунку Ляхавічаў. Тады і паўстануць перад вачыма заснежаныя краявіды і рознакаляровыя домікі. Тут у разгар вайны нарадзіўся рэжысёр Міхаіл Пташук, імя якога праз гады будуць ведаць у розных кутках свету, ад Масквы да Галівуду.

Менавіта родная зямля і складаны ваенны час, калі з’явіўся на свет рэжысёр, шмат у чым вызначылі кірунак яго творчасці. Міхаіл Пташук расказващ пра вайну, экранізаваў творы беларускіх літаратараў. Яркімі старонкамі яго біяграфіі сталі стужкі «Знак бяды», «Пра Віцю, пра Машу і марскую пяхоту», «Чорны замак Альшанскі», «Вазьму твой боль». Сапраўдным трыумфам стала карціна «У жніўні 44-га», пра якую кажуць як пра самую рэалістычную экранізацыю жыцця савецкіх разведчыкаў. Таленавіта знятая стужка трапіла ў асноўныя намінацыі кінапрэміі «Ніка», і менавіта на ўрачыстай цырымоніі стала вядома пра смерць рэжысёра. 26 красавіка 2002 г. машына Пташука, што спяшаўся на «Ніку», вылецела на сустрэчную паласу.

Стаўшы знакамітым, Міхаіл Мікалаевіч не забыўся пра родную вёску. Ён заўсёды вяртаўся сюды, здымаў свае стужкі выключна ў Беларусі. На радзіме ў гонар кінематаграфіста быў усталяваны паклонны крыж.

Адбыліся мерапрыемствы і ў Ляхавічах, дзе імем рэжысёра названая вуліца — доўгі шэраг дамоў насупраць лесапаласы, — якую «адкрывае» мемарыяльная дошка з партрэтам Пташука. Вечар памяці ў Доме культуры Ляхавічаў пачаўся каля 13.30. Гледачы пераважна школьнага ўзросту, захоўваючы будысцкую абыякавасць да настойлівых рэкамендацый педагогаў паводзіць сябе цішэй, без энтузіязму пазіралі на сцэну. Зрэшты, дзіўны беларускі феномен праводзіць планавыя мерапрыемствы, ствараючы масавасць за кошт школьнікаў, ужо не дзівіць.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?