Берасцейскія актывісты культурна-асьветніцкай ініцыятывы «Грунт» зладзілі акцыю, падчас якой раздавалі «Мужыцкую праўду» — газету да 150-годдзя паўстання пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага.
Некалькі соцень газет раздалі ў Брэсцкім універсітэце. Потым актывісты выйшлі на пляцоўку перад вучэльняй і працягвалі раздаваць газету там. Праз некалькі хвілін з універсітэту выйшаў ахоўнік, які загадаў актывістам пакінуць пляцоўку — маўляў, «тут нічога нельга раздаваць». Актывісты працягнулі акцыю ў іншым месцы.
Сябры «Грунту» назвалі газету «Мужыцкай праўдай» у гонар той, якую выдаваў Кастусь Каліноўскі перад паўстаннем і падчас яго. Як кажа кіраўнік ініцыятывы Віктар Клімус, у гэтым годзе «сімвалічна плануецца выдаць сем нумароў газеты».
«Мужыцкая праўда» Кастуся Каліноўскага выдавалася з ліпеня 1862 па чэрвень 1863 года. Усяго выйшла 7 нумароў. У газеце Кастусь Каліноўскі пад псеўданімам Яська гаспадар з-пад Вільні звяртаўся да народа, рыхтуючы глебу для нацыянальна-вызвольнага паўстання.