Юля: Лесбіянкам у Беларусі прасцей, чым геям. Дзяўчаты ёсць дзяўчаты — хадзіць за ручку, закрывацца ў адной прымерачнай у краме жаночай бялізны, здымаць кватэру на дваіх — гэта нармальна. Таму асаблівых нязручнасцяў мы не адчуваем. Так, часам пальцам паказваюць, але гэта не засмучае — можам ручкай у адказ памахаць.

Я не саромеюся сваёй арыентацыі ды не лічу патрэбным яе хаваць. Хаця негатыў паўсюдна, мы ігнаруем яго — усё адно нічога не дакажаш, лепш сысці ад канфлікту.
Цяпер я звольнілася, але на маёй працы пра тое, што я лесбіянка, ведалі амаль усе. Мяне ўсё задавальняе, падтрымліваюць мае сябры, сям’я, а на астатніх мне неяк пляваць.

Жэня: А мяне не задавальняе. Прылюдна я магу пацалаваць каханую толькі пасля доўгай разлукі і тое не на ўсю катушку — мяне будуць напружваць негатыўныя позіркі.

Так, мае бацькі прынялі, што я лесбіянка, і падтрымліваюць мяне. Я не афішую сваёй арыентацыі, але калі пытаюць, адказваю: так, у мяне ёсць дзяўчына.
Але гэтага мала. Я хачу быць нармальным чалавекам, каб на мяне проста не звярталі ўвагі. І я не адчуваю сябе адзінокай у сваёй гомасексуальнасці — ты нават не падазраеш, як нас шмат!

Юля: Мы шмат чулі пра чысткі, якія цяпер адбываюцца ў нашых гей-клубах.

Гэта жудасна, бо ўшчамляюцца правы гомасексуалістаў. Але што зробіш — наша краіна не хутка дойдзе ў развіцці да ўзроўню еўрапейскіх дзяржаваў.
Вось таму мы хочам з’ехаць у Германію. У нас просты гей-прайд нават не правядзеш — збяруцца чалавек сто, пройдуцца са сцягамі па горадзе, атрымаюць па гарбе, пасядзяць «на сутках» — і ўсё.

Жэня: Мы не вельмі любім хадзіць па клубах. У нас свая кампанія, і калі жадаем свята — збіраемся разам. Так, былі неяк на вечарынах у «6А», Casta Diva, «Графіці» (там перыядычна ладзяцца L-паці толькі для дзяўчат).

Мне не вельмі падабаюцца такія месцы, бо я там бачу, як наша гомасексуальная моладзь співаецца і дэградуе.
Магчыма, гэта іх рэакцыя на ўшчымленне правоў, ці яны так пачуваюцца больш раскованымі, але, напрыклад, геі п’юць вельмі шмат.

Юля: Цяпер мы шукаем чарговую кватэру, бо прызвычаіліся жыць разам. Неяк здымалі «тэматычную»: у адным пакоі жылі мы, у другім — іншая пара дзяўчат-лесбіянак. Усё было цудоўна. Вось мы — самая звычайная пара. Часам рамантыкі хочацца, тады ладзім вячэры пры свячах, ванны з водарамі.

Галоўнае, што мы разумеем адна адну і ў адрозненне ад хлопцаў сапраўды ведаем, што трэба дзяўчыне.
Да сябровак адна адну не раўнуем, але ў лесбі-кампаніях, на жаль, не рэдкія сваркі на гэтай глебе: дзяўчаты раўнуюць, пераходзяць адна да адной. Вядома, бывае, што сварымся, асабліва калі гармоны скачуць, але ж мы разумеем, што гэта — сезоннае, проста трэба перацярпець. Я і да рэгістрацыі аднаполых шлюбаў станоўча стаўлюся.

Жэня: Мне асабіста неяк усё адно, бо я лічу, што не ў штампе рэч. Аднак такая магчымасць павінна існаваць для ўсіх, хто жадае пабрацца шлюбам. Тое ж і з дзецьмі. Наогул, гэта зусім па-рознаму — сустракацца з мужчынам і сустракацца з жанчынай.

У дзяўчыне зачароўвае прыгажосць, жаночая энергетыка — трэба такой нарадзіцца, каб гэта зразумець. З мужчынамі зусім інакш.
У 15 гадоў я сустракалася з хлопцам, нават кахала яго, але нічога не атрымалася. Гэта была спроба перарабіць сябе, бо на той момант мне падавалася няправільным тое, што я думаю пра сваіх аднакласніц.

Юля: У мяне таксама былі адносіны з хлопцам, бо ішоў пошук сябе. Вопыт не быў станоўчым.

Наогул, я толькі ў 20 перастала супраціўляцца і канчаткова вырашыла для сябе, хто я ёсць.
Мяне дзяўчаты заўсёды захаплялі, а мужчыны — не. Гляджу на дзяўчыну, асабліва каханую, і мне хочацца ўсё для яе зрабіць.

Жэня: Свае бачныя адразу па позірках, прычосках, манерах — унутраны гей-радар спрацоўвае. Хаця часам думаеш на дзяўчыну, якая мужна выглядае, што яна лесбіянка, а потым аказваецца, што яна з хлопцам прыйшла.

Часам у дзяўчыны выгляд зусім звычайны, а пасля аказваецца, што яна толькі «па дзяўчатах».
Стрыжкі, «Ночные снайперы» — гэта шмат на каго распаўсюджваецца, але мы з Юляй гэтага гурта не любім, хоць ты нас гэтымі снайперамі прыстрэль. І так, бландзінкі нам падабаюцца.
Астатнія гісторыі чытайце па спасылцы.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?