Калегія Менскага абласнога суду сёньня не задаволіла скаргі пратэстанцкага пастара Яраслава Лукасіка. Ён дамагаўся адмены рашэньня аб высылцы яго зь Беларусі. Грамадзянін Польшчы Лукасік быў вымушаны пакінуць Беларусь, дзе пражыў 14 гадоў, бо ўлады палічылі, што ягоная дзейнасьць «ськіраваная на шкоду нацыянальнай бясьпецы Беларусі».

Пастар менскай эвангельскай царквы «Ян Прадвесьнік» Яраслаў Лукасік быў вымушаны пакінуць Беларусь 6 чэрвеня. Улады абвінавацілі яго ва ўдзеле ў арганізацыі сходаў радыкальна настроенай моладзі і ў шкодзе нацыянальнай бясьпецы Беларусі ў сфэры рэлігійных стасункаў.

Выслалі Яраслава нягледзячы на пратэсты жонкі й траіх дзяцей, якія ёсьць грамадзянамі Беларусі. Натальля Лукасік ад імя мужа падала скаргу ў Мядзельскі раённы суд. Але суд скаргі не задаволіў.

Жонка пастара Натальля Лукасік перакананая: «Я думаю, што рашэньне было прынятае раней. А сёньня гэта было ўсё паказное».

Натальля Лукасік прыехала ў Беларусь толькі на некалькі дзён. Пасьля высылкі мужа яна разам зь дзецьмі Янам, Марцінам і Мірай выехала за ім у Польшчу.

Спадарыня Натальля зьбіраецца абскарджваць рашэньне аб высылцы мужа ў судах вышэйшых інстанцыяў. Хаця яна ня надта спадзяецца, што беларуская ўлада зьменіць сваё рашэньне. Тым ня менш парываць зь Беларусьсю сям’я Лукасікаў не зьбіраецца, кажа Натальля Лукасік:

«Тое, што мы будзем па‑за межамі Беларусі, не аддзяляе нас ад яе. Тое, што мы рабілі тут, мы будзем працягваць рабіць за мяжой. Будзем сустракацца, і далей падтрымліваць кантакты з нашымі сябрамі. Будзем рабіць розныя праекты, каб падтрымліваць культурна‑асьветніцкую дзейнасьць, якой займаўся мой муж у Беларусі».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?