Эксперт Леанід Заіка лічыць, што прэзідэнт Беларусі вырашыў даць перадыхнуць наменклатуры паміж разгонам сілавікоў і не вельмі прыемнай восенню.

У інтэрв’ю Рацыі кіраўнік аналітычнага цэнтра «Стратэгія» Леанід Заіка заўважыў, што Аляксандр Лукашэнка заўсёды быў і застаецца добрым інтуівістам і акцёрам.

‑ Пасля шэрага такіх перастановак ён разумее — разносы больш рабіць не трэба. А зроблена было важнае — галоўныя людзі Камітэта дзяржбяспекі звольнены са сваіх пасадаў. Плюс сітуацыя з некаторымі кіраўнікамі буйнейшых прадпрыемстваў, у тым ліку і ў энергетычнай сферы. Але ж прэзідэнт ведае, што наменклатура таксама ўмее агрызацца. Таму на «селектары» і не было нейкіх разносаў, бо трэба ж было супакоіць наменклатуру. Тым больш, што наступае пара адпачынкаў.

Леанід Заіка мяркуе, што чарга новых ахвяраў прыйдзе ў кастрычніку‑лістападзе, бо «менавіта тады эканамічная сітуацыя будзе горшай».

‑ Ён іх перад гэтым шугануў, пастрашыў, а потым успомніў, што наступіць кастрычнік‑лістапад. Тады і з’явіцца новая ахвяра, напрыклад, Сяргей Сідорскі.

Эксперт лічыць, што селектарная нарада была разлічана менавіта на грамадства:

‑ Па тэлебачанні Аляксандр Лукашэнка заўсёды працуе на масавага гледача. Не на Сяргея Сідорскага, ці, напрыклад, сям’ю віцэ‑прэм’ера. Гэта можна назваць сеансам псіхатэрапіі для беларусаў.

Лявон Ждановіч, Радыё Рацыя

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0