Радыелакацыйная станцыя (РЛС) «Усход-Э», распрацаваная Канструктарскім бюро «Радар».

Радыелакацыйная станцыя (РЛС) «Усход-Э», распрацаваная Канструктарскім бюро «Радар».

ЗША ўвялі новыя санкцыі супраць шэрагу юрыдычных і фізічных асоб у Беларусі, Кітаі, Венесуэле, Іране, Сірыі і Судане.

Фігурантам спісу інкрымінуецца парушэнне палажэнняў амерыканскага закона аб нераспаўсюджванні зброі масавага знішчэння ў дачыненні да Ірана, Паўночнай Карэі і Сірыі.

Як паведаміў дзярждэпартамент ЗША,

санкцыі прымяняюцца ў дачыненні да двух арганізацый з Беларусі - кампаніі «ТМ Сервісіз» і Рэспубліканскага навукова-прамысловага ўнітарнага прадпрыемства ДБ «Радар» (гаворка, відаць, ідзе пра КБ «Радар»), а таксама любых іх даччыных структур.

Па заключэнні амерыканскіх улад, дзеянні дадзеных кампаній і грамадзян патэнцыйна былі здольныя ўнесці «матэрыяльны ўклад у распрацоўку зброі масавага знішчэння або крылатых і балістычных ракет», паведамляе ІТАР-ТАСС.

"ТМ Сервісіз" па каталогах праходзіць як кампанія, якая займаецца навуковымі распрацоўкамі ў сферы бяспекі, піша "Народная воля". У 2011 годзе яна ўжо з'яўлялася ў чорных спісах ЗША. Тады прагучала інфармацыя, што беларускі бізнэсмэн Юры Чарняўскі паспрабаваў здабыць тэхналогіі для сваёй кампаніі TM Services ў расійскай фірмы Optolink з мэтай іх наступнага продажу Ірану.

А вось што тычыцца кіруючай кампаніі холдынгу "Сістэмы радыёлакацыі", то ёю з'яўляецца ААТ «КБ Радар». Аднак апроч яго ў холдынг ўваходзяць ААТ "Алевкурп" і ААТ "Волат".

"Волат" - гэта платформы вайсковага прызначэння вытворчасці Мінскага завода колавых цягачоў. ААТ «Алевкурп» - прадпрыемства абароннага сектара, якое спецыялізуецца на распрацоўцы і мадэрнізацыі радыёлакацыйных сістэм і сістэм кіравання зброяй. Ці распаўсюджваюцца санкцыі на іх, пакуль незразумела.

Больш канкрэтных звестак адносна таго, хто, калі, каму перадаваў якую менавіта тэхніку або тэхналогіі, замежнапалітычнае ведамства ЗША не падае.

На практыцы ўжытыя санкцыі азначаюць, што ўраду ЗША забаронена заключаць кантракты з мэтай набыцця тавараў, паслуг і тэхналогій у уключаных у «чорны спіс» юрыдычных і фізічных асоб, а таксама аказваць ім якое-небудзь судзеянне.
Акрамя таго, дадзеныя юрыдычныя і фізічныя асобы не могуць з гэтага часу набываць у ЗША зброю і вайсковую тэхніку, паслугі па іх абслугоўванні і іншыя тавары, продаж якіх за мяжу рэгулюецца амерыканскімі правіламі экспартнага кантролю.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0