Гэта не раман пра б…дства.
Калі б Юля падбл...доўвала, яе б разумелі і прымалі. Бо б…ства — гэта частка нормы ў тым жыцці, якую малюе Алена Брава. Але Юля акурат няздатная «манетызаваць» сваё цела, бо ў яе праблемы з сацыялізацыяй увогуле, і таму яна адчувае сябе чужой у «месцах вучобы, працы», наваколле яе отторгает, а мужчыны карыстаюцца ёю як бясплатнай прастытуткай.
Усё гэта адбываецца не ў Парыжы ці Нью-Ёрку, а ў вельмі пазнавальным, са знішчальным рэалізмам выпісаным Барысаве.
(Не здзіўлюся, калі некаторыя тамтэйшыя мэнэджары сябе пазнаюць у Юліных каханках.) «Менада і яе сатыры» Алены Брава — гэта раман аб паводзіннай паталогіі, што нарадзілася з псіхалагічнай праблемы ў дзяцінстве, што, у сваю чаргу, мае прычынай сацыяльную паталогію савецкага грамадства. Гэта раман пра німфаманію, што развілася на глебе недалюбленасці ў сям’і.
Сюжэт: Юля, дзяўчына з няпоўнай сям’і вырастае ў атмасферы няшчасця і нелюбові.
Яе мама-адзіночка гадуе яе ва ўбогіх матэрыяльных умовах. Маці імкнецца злавіць птушку свайго шчасця за хвост, мужчыны ў матчыных марах і на матчынай канапе змяняюць адзін другога, а таленавітае дзіця не атрымлівае належнага выхавання. Школа дае веды, адарваныя ад жыцця. Дзяўчынка чытае свет як раман, не мае з кім падзяліцца сваімі перажываннямі і атрымаць параду. Яе не навучаюць, што такое дабро і што такое зло. Не навучаюць, што рэалістычна, а што ілюзорна. Не навучаюць крытычнаму мысленню, здольнасці адрозніваць праўду ад хлусні.
Ёй невядома, што такое поўная сям’я.

Як і свая маці, яна будзе сваю любоў шукаць усё жыццё адзіным засвоеным з матчынага прыкладу і кніг спосабам.

Юля здаецца сабе складанай натурай, занадта разумнай для гэтага вульгарнага свету, здаецца сабе нашмат больш тонкай душэўнай арганізацыяй, чым навакольныя. А на справе яна проста эмацыйны інвалід, няздольны да выбудоўвання доўгатэрміновых адносін.

Німфаманкі ўвогуле няздольныя быць шчаслівымі сэксуальна, але гераіня Бравы няшчасная асабліва, бо ва ўсім.

У каханні яна шукае паратунку ад беспрасветнасці свайго існавання, ад сваёй экзістэнцыйнай адзіноты. І гэта ўрэшце набывае рысы німфаманіі.
Жанчыны побач з ёй таксама даюць направа і налева, але за гэта тое ці іншае атрымліваюць.
Юля дае за так. (Брава з шакуючай адкравеннасцю апісвае фізіялогію, жаночы юр.) Мужчыны бачаць, што маюць справу з псіхалагічна інфантыльным стварэннем, але цынічна карыстаюцца. Яны «не ўмеюць гуляць іншымі цацкамі, апроч сваіх геніталій».

30 гадоў назад за такую кнігу Браву чакалі б рэпрэсіі за «грубае скажэнне рэчаіснасці». Зрэшты, Браву ўжо і за першую кнігу «Каменданцкі час для ластавак» знішчылі б, бо гэта антытаталітарны твор par excellence.

Усё, што можа чакаць такую дзяўчыну, яе і чакае.
Аборт. Першы шлюб — ранні і выпадковы. Адзіны нармальны ў яе жыцці — акурат муж — мільгае і знікае ў запаленай свядомасці Юлі як другасны персанаж. Яна прагне іншага і разбурае сям’ю, як толькі на вочы трапляецца вайсковец, прыгажэйшы, чым муж. Другое каханне хутка сыходзіць на нішто, каханак выбірае для замужжа жанчыну, больш здольную да пабудовы сямейнага агмяню, а Юля застаецца каля разбітага карыта. Але не пакідае ўпартых спробаў здабыць шчасце.

Юлі здаецца, што яна жыве як гераіня рамантычных кніг. Насамрэч, яна мысліць у схемах правінцыйнага беларускага гарадка. Яна ў сутнасці сваёй такая ж, як яе дэгуманізаваная матуля. Абедзве няшчасныя, бо заганныя.

Раман Бравы — пра рызыкі выхавання ў няпоўнай сям’і, якое здольна скалечыць чалавека.

Мастацкая вартасць яго — у надзвычайнай перадачы аўтаркай механізмаў падзення людскога.
Няма культу сям’і, культу дзяцей, культу ўласнасці, ёсць культ сэксу, сілы, шмацця.
Бліскуча адноўленыя інтэр’еры, адзенне, звычкі, лад савецкага і постсавецкага часу.

Аўтарка смела псіхалагізуе — чаго бракавала «Рыбінаму гораду» Бабінай, іншаму твору, дзе жанчыны выведзены на авансцэну часу, але нашмат-нашмат святлейшаму за беспрасвецце Бравы.

У Бабінай дзейнічаюць (і перамагаюць) рамантычныя героі з незалежнага грамадства. У Бравы гніюць жыўцом рэалістычныя персанажы з аўтарытарнай сістэмы.
Паміж першымі і другімі — маральная бездань.

Не буду расказваць, як развіваецца раман і чым ён — для мяне нечакана — сканчаецца. Скажу затое трохі пра мінусы.

Па-першае, раман закароткі. Гэтая гісторыя магла б мець працяг. Трэцяе, чацвёртае пакаленні маглі б паявіцца на сцэне.

Па-другое, раману бракуе развіцця гісторый мужчын, што злятаюцца на мёд гераіні. Нерэальна, каб нікога з гэтых сатыраў не скалечыла або не пранізала сутыкненне з такой паталогіяй. Гэтыя гісторыі маглі б давяршыць карціну свету.

І трэцяе, галоўнае.

А дзе ж выхад з гэтага пекла?
Ніякая Герда не зробіць так, каб гэтыя з’юзаныя ружы ізноў сталі чароўнымі, а твары — прыгожымі. Але ж нейкі іншы свет ёсць! Дзе ж ён?

Любові бракуе не толькі Юлі. Любові бракуе яе маці, яе аднакласніцам, яе аднакурсніцам, яе калегам, яе суседзям. Гэта не грамада, гэта чалавечы статак.

Гэта не толькі раман пра сэкс. Гэта раман пра грамадства. Па-мойму, ніхто яшчэ не апісаў цяперашняе беларускае грамадства бязлітасней, чым Алена Брава ў «Менадзе і яе сатырах».
Паглядзіце на любое фота «віп-персонаў», валадароў сённяшняга жыцця — і вы пабачыце тую самую незадаволенасць, тых самых быкоў, пляшывых сатыраў, перастарэлых менад, якіх малюе Брава. Высока ўзбіраюцца падлюгі, у золаце і шакаладзе жывуць.

Брава нідзе не акцэнтуе, што дзеянне «Менады і яе сатыраў» адбываецца тут і цяпер. Аднак жа гэта тут і цяпер!

Гэта тут босхаўскі свет «мёртвых душаў», сярод якіх няма пазітыўнага персанажа, няма добрай, жывой душы, ёсць толькі вырадкі, хапугі, убогія і вар’яты.
Тут, у гэтым неліберальным, некапіталістычным, саветызаваным грамадстве, якое не зведала дэіндустрыялізацыі, адбываецца гэтая дэградацыя.
Тэлевізар тут замяняе камунікацыю. Убогі быт. Беспрасвецце. Беларуская правінцыя, дзе «кожны дзень і нават год настолькі падобныя адзін да аднаго, што ў абарыгенаў узнікае адчуванне вязкага сну, выкараскацца з якога можна, толькі праскочыўшы ў іншы сон, — пры дапамозе алкаголю, тэлебачання альбо рамантычнага кахання».

Дый «рамантычным каханнем» аказваюцца беспарадачныя, казліныя полавыя сувязі.

Брава гаворыць, пераўвасобіўшыся ў сваю гераіню, для якой галоўнае, першапрычына ўсяго — затхласць правінцыйнага жыцця і драма чалавека, які з яго выбіваецца. Яна не бачыць, не разважае пра глыбінныя прычыны гэтай драмы.
Адпаведна, пісьменніца ўнікае паказу сацыяльных, палітычных, эканамічных каранёў таго беспрасвецця — як матэрыяльнага, так і маральнага, якое яна так выдатна выпісала.
Тут яна падобна да апошняга нобелеўскага лаўрэата Мо Яня. І Брава, і кітаец бліскуча апісваюць сімптомы грамадскай хваробы, але не рызыкуюць ставіць дыягназы: гэта тая сістэма, «якую мы не далі разваліць» і з якой «мы захавалі ўсё найлепшае», як цяпер прынята выражацца.

Але ў гэтым мінусе схаваны і велізарны плюс. Калі раней многія спробы мастацкай крытыкі гэтага ладу і гэтага часу выходзілі занадта публіцыстычнымі, то ў Бравы выйшаў вялікі мастацкі твор.

І гэта, без аніякіх сумневаў, адзін з самых значных тэкстаў беларускай літаратуры за апошняе дзесяцігоддзе.

* * *

Іншы погляд на раман Алены Брава «Менада і яе сатыры» — Зміцер Панкавец, «Аб неіснаванні бабскага шчасця».

* * *

Раман апублікаваны ў кнізе Алена Брава. Рай даўно перанаселены. — Мінск: Галіяфы, 2012. Кніга трапіла ў лонг-ліст прэміі імя Гедройца.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?