26‑гадовы Міхаіл Якаўчук засуджаны да арышту на 6 месяцаў паводле абвінавачваньня ў «арганізацыі дзейнасьці незарэгістраванага грамадзкага аб’яднаньня».
Размова ідзе пра філію «Русского национального единства», радыкальнай шавіністычнай арганізацыі. Супраць Якаўчука і яшчэ аднаго гамельчука была распачатая крымінальная справа.
Гамельская ўправа КДБ паведамляе, што Якаўчук, атрымаўшы пракурорскае папярэджаньне аб недапушчальнасьці проціпраўных дзеяньняў, гэтую дзейнасьць не спыніў, а наўмысна працягваў: рабіў наглядную агітацыю, распаўсюджваў друкаваную прадукцыю, прывезеную з Расеі, спрабаваў уцягнуць у дзейнасьць арганізацыі жыхароў Гомеля.
Справа супраць паплечніка Міхаіла Якаўчука вылучаная ў асобную вытворчасьць, паколькі ён хаваецца ад крымінальнага перасьледу і абвешчаны ў вышук,–паведамляе «Інтэрфакс».
Раней паводле гэтага ж артыкула Крымінальнага кодэксу за арганізацыю дзейнасьці незарэгістраванага грамадзкага аб’яднаньня былі засуджаныя актывісты «Партнэрства» і «Маладога Фронту».
Дарэчы, крымінальная справа супраць кіраўнікоў шавіністычнай суполкі «Рускае нацыянальнае адзінства» была распачатая пасьля звароту дэмакратычных актывістаў у пракуратуру й рэгіянальную ўправу КДБ аб тым, што ў абласным цэнтры фасады муроў псуюцца нагляднай агітацыяй РНЕ.
Радыё «Свабода»