Трэба ствараць «анклявы» беларускасьці, лякальныя пасяленьні сьвядомых беларусаў. Найлепш для гэтага надаюцца мястэчкі.

Беларуская рэчаіснасьць прымушае думаць пра тое, што адраджэньне, якога ўсе так чакалі, ня толькі не адбылося па тых ці іншых прычынах, але наўрад ці адбудзецца ў бліжэйшай пэрспэктыве. Дзяржаўная палітыка, якая праводзілася на працягу апошніх 15 гадоў, здаецца, канчаткова пахавала надзею на тое, што Беларусь калісьці будзе беларускай. Тое, што не пасьпелі зрабіць у СССР, вельмі пасьпяхова дарабілі ў РБ — канчаткова зьнішчылі мову, што мела вырашальнае значэньне для ўсяго іншага — культуры, адукацыі, у рэшце рэшт, мэнтальнасьці людзей. Высьветлілася, што галоўны вораг Беларусі — самі беларусы... Менавіта беларусы адказныя за ўсё тое, што адбылося ў краіне за гады незалежнасьці. Напэўна, большасьць пагодзіцца са сьцьвярджэньнем, што РБ мае вельмі мала супольнага з той Беларусьсю, пра якую мы ўсе марылі і за якую змагаліся. Больш таго, РБ — гэта не Беларусь. І нават калі РБ ня стане часткай РФ, што вельмі верагодна, яна ніколі ў цяперашнім выглядзе ня зможа для нас быць Нашай. Тым больш, усё выдае на тое, што зьмены, калі й магчымыя, дык толькі ў горшы бок. Што ў такой сытуацыі рабіць таму, хто беларус ня толькі па нараджэньні і па пашпарце? Здаецца, адзінае канкрэтнае выйсьце — эміграцыя. Але адзіная перавага, якую дае эміграцыя — ня бачыць больш гэтага маразму і гэтых людзей, якія «цягнуцца» ад усяго, што тут адбываецца. Па сваёй жа сутнасьці, эміграцыя нічога не мяняе – яна таксама спрычыняе сьмерць беларускасьці. Там, як і тут, мы заўсёды будзем чужыя, там, як і тут, нашыя дзеці хутчэй за ўсё ня змогуць стаць паўнавартаснымі беларусамі. Прыклады: ангельскамоўныя нашчадкі беларускіх эмігрантаў у Амэрыцы ды расейскамоўныя дзеці сьвядомых беларусаў у РБ. Галоўны жа мінус эміграцыі — няздольнасьць хаця б мінімальна ўплываць на тое, што адбываецца тут.

Ці можа быць у такой сытуацыі кампраміс? Увогуле, ці магчыма быць беларусам у РБ без самарэпрэсій супраць сваёй беларускасьці? Вядома, індывідуальная беларускасьць патрабуе падтрымкі – калі не ўсяго грамадзтва, дык, прынамсі, супольнасьці. У сапраўднасьці гэта практычна немагчыма. Большасьць людзей, занятыя на працы і сямейнымі справамі, ня маюць магчымасьці актыўна ўдзельнічаць у жыцьці і дзейнасьці нейкіх супольнасьцей, таварыстваў ці арганізацый. Апроч таго, звужэньне панаваньня беларускасьці толькі да невялікіх суполках прыводзіць да яе аднабаковасьці і нейкай «дэфэктыўнасьці». Беларускасьць ператвараецца ў нейкую вузкагрупавую рысу, замест таго каб быць агульным прынцыпам і нормай жыцьця.

А што вы думаеце пра гэта?
Зьмясьціце свой камэнтар
да гэтага артыкулу.
Хай людзі вас пачуюць!

У такой сытуацыі адным з выйсьцяў можа быць стварэньне «анкляваў» беларускасьці, лякальных пасяленьняў сьвядомых беларусаў. Адразу хачу апярэдзіць магчымыя закіды, што і так малалікая прысутнасьць беларускасьці ў жыцьці РБ зьедзе на адзін бок, а сьвядомыя беларусы будуць жыць у анклявах, нібыта сэрбы ў Косава. Па‑першае, пакажыце мне рэальныя праявы беларускасьці ў грамадзка‑культурным жыцьці РБ? Яны маргінальныя і так. Па‑другое, я не прапаноўваю ўсіх сьвядомых беларусаў сагнаць у агароджаныя калючым дротам і адгароджаныя ад рэшты краіны канцлягеры. Гэта павінен быць рух «зьнізу», які ахопіць толькі тую частку сьвядомага грамадзтва, якой гэтая ідэя можа спадабацца. І яшчэ адно, гэта толькі ідэя, таму нейкіх канкрэтных парадаў у гэтым артыкуле ня трэба шукаць. Калі ідэя жыцьцяздольная, яна сама здолее «прарасьці».

Працоўная назва праекту магла б быць «Беларускае мястэчка». Чаму ня вёска ці горад? Праект адназначна выходзіць па‑за межы толькі вясковага жыцьця, пры чым адразу адсякаюцца закіды ў фальклярыстыцы і этнаграфічнасьці. Гэта павінна быць сучаснае эўрапейскае мястэчка, а ня нейкі «скансэн» — музэй пад адкрытым небам мы ўжо маем у Строчыцах пад Менскам. Да гораду ж, пагадзіцеся, ня здолеем адразу дацягнуцца. Апроч таго, мястэчка — зьява вельмі беларуская, то бок эўрапейская і, адназначна, несавецкая. Мястэчка — гэта ня вёска са сваім архаічным, закансэрваваным жыцьцём, гэта, хутчэй, горад у мініятуры, з пэрспэктывай росту і разьвіцьця. Вёска застанецца вёскай, нават калі там будзе жыць некалькі тысячаў чалавек, будзе свой кілбасны цэх, царква, касьцёл ды дом культуры з дыскатэкамі па выходных. Мястэчка ж у сваёй сутнасьці скіраванае да разьвіцьця, росту. Яно не закансэрваванае, але, наадварот, успрымае і адначасова генэруе новыя ідэі, тэхналёгіі і стылі.

Своеасаблівым прататыпам дадзенага праекту можа быць Заходняя Украіна (Галічына) са сваёй «сталіцай» Львовам. Не выпадкова існуе прымаўка, што «Кіеў — гэта сталіца Ўкраіны, а Львоў — сталіца ўкраінцаў». Пры гэтым ні ў кога не зьяўляецца адчуваньне, што Галічына — гэта нейкае дзіўнае ўтварэньне ў дзяржаве Ўкраіна. Галічына – арганічная частка Ўкраіны, дзе, аднак, украінскасьць зьяўляецца нечым натуральным, у той час як у Кіеве і цэнтральнай Украіне яна мае пакуль характар вяскова‑афіцыйны, а на Ўсходзе – яе пакуль сустракаюць насьцярожана і нават варожа.

Жыцьцё ў такім мястэчку не ізалюе чалавека ад агульнаграмадзкага жыцьця, але, наадварот, дае магчымасьці для панаваньня беларускасьці, якая цяпер знаходзіцца ў прыгнечаным стане.

Пачнем спачатку.

Справа першая. Дзе? Гэта можа быць дзе заўгодна, у любым месцы Беларусі, апроч сталіцы, абласных цэнтраў, райцэнтраў і аграгарадкоў. Найлепей для гэтага прыдасца якая‑небудзь беларуская вёска. Гэта ўжо паселішча, апроч таго, ня ўзьнікне ніякіх фармальных цяжкасьцяў і супрацьдзеяньня з боку дзяржавы. Большасьць беларускіх вёсак элемэнтарна дажываюць свой век. Як і тыя старыя, якія яшчэ там засталіся. Ня будзе вялікай цяжкасьцю знайсьці вёску, дзе шмат дамоў ужо стаяць пустыя і прадаюцца «гарадзкімі дзецьмі» пад лецішчы. Паколькі гэтая зьява ў апошнія гады вельмі пашырылася, яна ня выкліча падазрэньня і супрацьдзеяньня з боку дзяржчыноўнікаў. Такім чынам, мы маем вёску, дзе ахвотныя стварыць «Беларускае мястэчка» могуць набыць сабе дзялянкі зямлі са старымі драўлянымі хатамі. У пэрспэктыве абавязкова ўсе ўдзельнікі праекту павінны перабрацца на сталае месца жыхарства ў мястэчка, вядома, з вырашэньнем асноўных справаў — праца, побыт, школа і г.д. У ідэале колькасьць удзельнікаў павінна дасягнуць крытычнай масы, пры якой яны здолеюць існаваць аўтаномна. То бок сталае жыцьцё ў мястэчку, мэтазгоднасьць існаваньня ў ім садку, школы, мэд.пункту, потым — крамаў, кавярні, царквы... Гэта вельмі важна, бо эканамічная, гаспадарчая складовая – адна з асноўных. Менавіта яна дасьць мястэчку аўтаномнасьць, унутраную сілу і пэрспэктыву. Элемэнтарна, школа, садок, мэд.пункт (дзяржаўныя), крамы, кавярня, майстэрня (прыватныя) — гэта месцы працы. Вядома, напачатку большасьці прыйдзецца працаваць па‑за мястэчкам, але ў пэрспэктыве праца павінны стварацца на месцы. Ня выключана, а нават пажадана, што ў мястэчку будуць жыць тыя, хто будзе займацца выключна сельскай гаспадаркай (фэрмэры). Гэта натуральна.

Хай людзі ўбачаць вашымі вачыма
Дасылайце на [email protected] вашы фатаздымкі. Зьмяшчайце народныя навіны. Паведамляйце пра пільныя здарэньні на тэлефоны
(029) 707-73-29,
(029) 613-32-32,
(017) 284-73-29
Хай людзі вас пачуюць!

Справа другая. Першыя вынікі і магчымасьці. Напэўна, самы галоўны вынік — гэта абсалютна вольная прастора функцыянаваньня беларускай мовы. «Беларускае мястэчка» — гэта беларускамоўнае асяродзьдзе, дзе беларуская мова функцыянуе на ўсіх узроўнях. Усе з усімі змогуць гаварыць па‑беларуску, што абсалютна нерэальна ў рэчаіснасьці РБ, дзе беларускамоўнасьці ў абсалютнай большасьці выпадкаў наканавана быць аднабаковай. Прычым, з боку карэнных жыхароў ня будзе ніякага супраціву ці байкатаваньня, бо ў асноўным гэта старыя людзі, якія самі гавораць па‑беларуску з прымесьсю «тэлевізійнай» расейшчыны. Вельмі важна, што ў гэткім беларускамоўным асяродзьдзі будуць выхоўвацца дзеці, якія ня будуць адчуваць дыскамфорту праз сваю адметнасьць. Гэта ня толькі першы вынік, але й, бадай, галоўнае дасягненьне «Беларускага мястэчка», у якім беларуская мова набывае сапраўдны статус «дзяржаўнай мовы».

Справа трэцяя. Адукацыя. Калі колькасьць жыхароў мястэчка дасягне такога ўзроўню, што мэтазгодным стане стварэньне ў ім садку і школы, беларускасьць атрымае новую, адну з важнейшых, прастору фунцыянаваньня — адукацыю. Гэта будзе звычайны садок ды звычайная школа (дарэчы, беларуская мова ў іх ня выкліча ніякага супраціву з боку дзяржавы, бо ў вёсках у нас пакуль пачатковая і сярэдняя адукацыя нават афіцыйна па‑беларуску). Адрозьненьне будзе толькі ў тым, што вучні ды настаўнікі будуць гаварыць па‑беларуску ня толькі на ўроках, але й на перапынках ды паміж сабою, бо ўсё жыцьцё ў мястэчку будзе па‑беларуску. Важна тое, што выхавацелі і настаўнікі будуць жыхарамі мястэчка. Гэта ня толькі дазволіць беларускасьць мэтадычна прышчапляць дзецям, але й створыць працоўныя месцы для значнай колькасьці жыхароў мястэчка. Тое ж самае адразу можна сказаць пра мэд.пункт (шпіталь).

Спарва чацьвёрная. Самакіраваньне. Самакіраваньне ня будзе магчымае на афіцыйным узроўні. Афіцыйна мястэчка будзе знаходзіцца ў складзе мясцовага сельсавету. Аднак жыхары мястэчка павінны паралельна ўтварыць мясцовае самакіраваньне. Павінна існаваць Рада самакіраваньня з адпаведнымі выбарчымі пасадамі «раднікаў‑лаўнікаў» ды «старшынём‑войтам». Гэта будзе выканаўчы орган самакіраваньня. Асноўныя ж рашэньні павінны прымацца на агульных сходах жыхароў мястэчка. Непазьбежнай будзе і каса мястэчка. Напрыклад, каб вуліцы ды ходнікі былі заасфальтаваныя, быў вадаправод ды газ, бо на дзяржаву разьлічваць не прыходзіцца. Як толькі дзяржава пранюхае, што нешта тут дзеецца не зусім звычнае ( не савецкае), адразу зьявяцца розныя перашкоды з боку дзяржавы. Але РБ не СССР, у наш час грошы вырашаюць нашмат больш пытаньняў (афіцыйна!). Той жа асфальт.

Справа пятая. Культурнае жыцьцё мястэчка. Істотным дасягненьнем «Беларускага мястэчка» будзе культурнае жыцьцё. Паколькі ім ня будуць кіраваць «зьверху», а яно будзе арганічнай патрэбай саміх жыхароў, будзе яно толькі беларускае па зьместу ды форме, але самае галоўнае — аўтэнтычнае ды сапраўднае. Беларускія сьвяты будуць адзначацца ўсімі жыхарамі, будуць ладзіцца агульныя мерапрыемствы ды праграмы. Нешматлікія беларускамоўныя артысты ды музыкі атрымаюць магчымасьць выступаць перад «сваёй» аўдыторыяй без заўсёдных арганізацыйных праблемаў. Ня толькі «Дзень Волі», «Дзень беларускай вайсковай славы», але й традацыйныя беларускія рэлігійныя сьвяты (Радуніца, Дзяды, Каляды) атрымаюць сапраўдны зьмест і разьвіцьцё — працяг і ўзьнікненьне традыцый.

Справа шостая. Рэлігія. Зь першага погляду, справа гэтая можа быць нялёгкай. У першую чаргу, праз адвечны для беларусаў канфэсійны падзел, прычым пытаньне не абмяжоўваецца толькі праваслаўем ды рыма‑каталіцтвам, але абавязкова трэба ўлічваць грэка‑каталіцтва (уніяцтва), да якога належыць вельмі шмат сьвядомых беларусаў. Складанае, на першы погляд, пытаньне, можа мець просты адказ. Вырашыць яго дапамогуць самі Цэрквы. Той, хто першы адгукнецца на духоўныя патрэбы жыхароў мястэчка, магчыма, атрымае новую грамаду ў сваёй Царкве. Зрэшты, нішто не замінае мець у мястэчку тры царквы. Зноў жа, гэта залежыць ад зьверхнікаў узгаданых Цэркваў. Найменш шанцаў займець новую грамаду мае, здаецца, Праваслаўная царква, у першую чаргу, праз сваю расейскасьць, а зусім не праз царкоўна‑славянскую мову. Можаце ўявіць сабе царкву ў нашым мястэчку, дзе сьвятар гаворыць казаньні па‑расейску, вісяць іконы расейскага цара ды прадаецца шавіністычная расейская літаратура? Яшчэ цяжэй уявіць, што Праваслаўная царква можа спадобіцца да ўтварэньня «нетрадыцыйнага» прыходу ў Беларусі (!), дзе беларускасьць была б у сваім доме. Адназначна тое, што ў «Беларускім мястэчку» малітвы будуць узносіцца да Бога на Богам дадзенай нашаму народу мове, незалежна ад канфэсіі.

Справа сёмая. Пэрспэктывы. У беларусаў зьявіцца магчымасьць займець сваю «Галіччыну». Гэта ня будзе нейкая акрэсьленая тэрыторыя, але мястэчкі, раскіданыя па ўсёй тэрыторыі Беларусі. Тым ня менш, беларускасьць атрымае канкрэтную жыцьцёвую рэалізацыю, якая зможа мець нашмат большы ўплыў на агульную рэчаіснасьць краіны, чым дагэтуль мела. Шанцу пачатку 90‑х можа больш ніколі ня быць. Для захаваньня ж жывой беларускасьці недастаткова заархіваваць яе ў кнігах, інтэрнэце ці музэях. Патрэбная канкрэтная жывая чалавечая прастора. Наўрад ці можна разьлічваць на паступовую экспансію беларускасьці з гэтых мястэчак на ўсю тэрыторыю. Тым ня менш, калі беларуская дзяржава нарэшце захоча стаць беларускай ня толькі паводле назвы, беларускасьць будзе ўжо мець свой фарпост. Для беларусізацыі Беларусі тады ня будуць патрэбныя дзесяцігодзьдзі, дастаткова будзе некалькіх гадоў. Больш таго,прыклад «Новай Беларусі», якая будзе ўжо рэалізаваная ў «Беларускіх мястэчках», будзе мець рэальны палітычны ўплыў. Людзі змогуць параўнаць жыцьцё ў «пост‑дажынкавых» райцэнтрах ды казённых аграгарадках з дабрабытам, гарманічным суіснаваньнем, прыгажосьцю ды натуральнасьцю «Беларускіх мястэчак». Гэта будзе сапраўдная рэвалюцыя. Калі яна пераможа, мы будзем мець нарэшце «Беларускую сталіцу» — Менск.

Не выключаю, што першай рэакцыяй на прачытанае будзе слова — утопія. Але калі трэба выбіраць паміж утопіяй па‑беларуску ды сайенс‑фікшэнам РБ... Ды й падумайце, ці такая гэта ўжо ўтопія? Колькі з вас ужо купілі сабе хату ў вёсцы? Жыць у сваім доме недзе пад Менскам, а працаваць у сталіцы — гэта таксама даўно ўжо не ўтапічна, хутчэй прэстыжна. Зноў жа, прыклад эўрапейскіх краінаў. Там даўно ўжо жыць у вёсцы (калі вы бачылі іх «вёскі», вы ведаеце, што яны ня маюць нічога супольнага з нашымі, там гэта даўно ўжо маленькія гарадкі — мястэчкі), не азначае займацца сельскай гаспадаркай. Прычым гэтая тэндэнцыя распаўсюдзілася ўжо й на былыя сацыялістычныя краіны, тую ж Польшчу. Уявіце сабе на момант жыцьцё ў такім «утапічным» мястэчку... Ці ня варта гэта таго, каб паспрабаваць? Усім разам. РБ ад нас нікуды не падзенецца, рызыкаваць, у прынцыпе, няма чым. Але калі мы зможам гэта зрабіць, веру, Беларусь сапраўды будзе жыць.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?