«Будзем пасціцца добрым пастом, прыемным Госпаду; Сапраўдны пост — адвярненне ад злога, устрымлівасць языка, адмаўленне ад злосці, адлучэнне ад пажаданняў, намоваў, маны і ламання прысягі. Адмовіўшыся ад гэтага ўсяго, пост будзе сапраўдным пастом». (Вячэрня панядзелка першага тыдня посту.)

У панядзелак 11 лютага беларускія каталікі візантыйскага абраду распачынаюць Вялікі пост. Для вернікаў Чатырыдзясятніца — гэта час асаблівай малітвы, посту, учынкаў міласэрнасці і духоўнай падрыхтоўкі да свята Пасхі.

Перадпасхальны пост называюць вялікім ня толькі з прычыны яго працягласці, але найперш дзеля яго значэння ў жыцці Царквы і кожнага хрысціяніна. Гісторыя Вялікага посту мае доўгую і багатую традыцыю, якая сягае апостальскіх часоў. Першапачатковая практыка абмяжоўвала пост адным ці двума днямі, часам сарака гадзінамі, потым адным тыднем ці дваццаццю днямі, і пасля доўгай эвалюцыі ў IV стагоддзі канчаткова аформілася у сучасную Чатырыдзясятніцу.

Хоць мы і кажам пра 40-дзённы пост, але ва Усходняй Царкве ён трывае толькі 36 з паловай дзён. Сем дзён посту без субот і нядзель — гэта 35 дзён. Да гэтай лічбы яшчэ трэба дадаць Вялікую Суботу і палову ночы перад святам Пасхі, якія таксама лічацца поснымі, і тады Чатырыдзясятніца мае 36 з паловай дзён, што складае адну дзясятую каляндарнага года. Лік 40 здаўна мае сімвалічнае значэнне, і менавіта ў гэтым значэнні ён увайшоў у перадпасхальны пост.

Традыцыйная практыка посту прадугледжвала адмаўленне ад мяса і малочных прадуктаў цягам усяго посту. Ужыванне рыбы таксама абмяжоўвалася суботамі і нядзелямі і святам Дабравешчання. Трохі часцей дазваляўся алей. Ежу можна было прымаць толькі адзін раз на дзень. Найбольш строгім пост быў у першы і апошні (Вялікі) тыдні, а таксама ў панядзелкі, серады і пятніцы.

Апошнім часам грэка-каталіцкая царква залагодзіла строгія вялікапосныя патрабаванні, хоць і заахвочвае вернікаў па магчымасці трымацца бліжэй да традыцыйных самаабмежаванняў. Даючы палёгку ў пытаннях ежы, царква адначасова заклікае вернікаў да ўзмацнення малітоўнага жыцця, практыкавання духоўных разважанняў, часцейшага ўдзелу ў богаслужбах, давання міласціны і часцейшай споведзі і святога прычасця.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?