Вёску Здудзiчы, што ў Светлагорскiм раёне Гомельскай вобласцi, у лiтаральным сэнсе можна назваць «кузницей кадров». У гэтай вёсцы нарадзiўся i вырас былы старшыня КДБ Сцяпан Сухарэнка. Акурат насупраць ягонай хаты жывуць бацькi генеральнага дырэктара АНТ Рыгора Кiсяля.

— Праходзьце, праходзьце, — адганяе ад мяне сабачку Марыя Васiльеўна, мацi дырэктара тэлекампанii. — А няхай яго качкi…

Качкi, дарэчы, ходзяць па двары побач, i яны абсалютна раўнадушна ставяцца як да сабакi, так i да мяне. Крыху далей пасвяцца дзве казы.

Хай людзі ўбачаць вашымі вачыма
Дасылайце на [email protected] вашы фатаздымкі. Зьмяшчайце народныя навіны. Паведамляйце пра пільныя здарэньні на тэлефоны
(029) 707-73-29,
(029) 613-32-32,
(017) 284-73-29
Хай людзі вас пачуюць!

— Раней была карова, але два гады таму, калi мы з бацькам захварэлi, прадалi яе, — распавядае гаспадыня. — Здароўе ўжо не тое, каб трымаць. А так куры, качкi ёсць, купiлi вось дзве козачкi, каб малако было. У вёсцы зусiм мала кароў засталося. Усе дзецi з нашай вёскi вывучылiся ды параз’язджалiся. Няма каму дапамагаць. Засталiся толькi тыя, хто боўтаецца тут ды выпiць шукае.

— Я iх «бiчамi», «смеццем» называю, — уключаецца ў размову бацька, Леанiд Андрэевiч. — Iх нiдзе не бяруць на працу, i яны нiкому не патрэбны. Iм, каб i знайшлi працу, дык не працавалi б. Раней, памятаю, за шэсць кiламетраў ганялi кароў пасвiць на добры выган. А зараз вакол калгаснага двара месца хапае, а пасвiць няма каму. Прывозяць людзей з «элтэпэ», i тыя цэлы дзень кароў даглядаюць.

Марыя Васiльеўна расказвае, што працавала i ў калгасе, i паштальёнам, i санiтаркай на ФАПе. Леанiд Андрэевiч усё жыццё прысвяцiў механiзатарству. Грамат, падзяк, медалёў — усiх не перагледзiш. Зараз бацькi Рыгора Кiсяля на дваiх атрымлiваюць больш за паўмiльёна рублёў i на жыццё не скардзяцца. Кажуць: «Усяго хапае. Ды i дзецi дапамагаюць».

— Рыгор у нас — самы старэйшы, — прасвятляе мяне Марыя Васiльеўна. — А ўсяго ў нашай сям’i два сыны i дзве дачкi. Малодшы сын працуе намеснiкам галоўнага iнжынера на прадпрыемстве «Хiмвалакно», адна дачка працуе на мытнi, малодшая — у Магiлёве, у газеце «Могилевские ведомости», дзе Рыгор у свой час быў рэдактарам.

— Цi добра вучылiся? — пытаюся ў маiх суразмоўцаў.

— Нам нiколi не даводзiлася за iх чырванець. Школа ў нас за агародам, хоць i васьмiгадовая, але дзяцей было шмат: па два класы, вучылiся ў дзве змены. Дзецi не курылi, не пiлi, бабкi мне заўсёды казалi: «Дзякуй табе, Манька, за дзетак». Здаралася, што Рыгор i Лёнiк у палову сёмага падымалiся, каб нешта па гаспадарцы дапамагчы. Устануць раненька, i пакуль я iм есцi прыгатую, парыдлююць бульбачку. Прыйдуць са школы — i таксама ў агарод. Гэта ж вёска… Касiлi, аралi, у бацькi на камбайне былi памочнiкамi. Са Сцёпам Сухарэнкам сябравалi, якi таксама з працавiтай сям’i. Яго бацька i мацi таксама працавалi з ранку i да позняга вечара. Дамы ж праз дарожку.

— Калi Рыгор трохi выбiўся ў людзi, не забыў пра сваю родную школу, — дадае Леанiд Андрэевiч. — Падарыў школе камп’ютэр.

— А пасля школы Рыгор вырашыў паступаць на журналiстыку, — успамiнае Марыя Васiльеўна. — Паўтара бала не дабраў. Пайшоў на работу, папрацаваў у Светлагорску, а на наступны год зрабiў другую спробу. I зноў не выйшла паступiць. Адправiўся ў вучылiшча «хiмiкаў», скончыў яго на выдатна, i ўжо з трэцяга разу адолеў той факультэт. Упарты быў.

На 3‑м курсе Рыгор Кiсель ажанiўся на сваёй аднакурснiцы Святлане. Вяселле згулялi ў вёсцы, калi яшчэ былi студэнтамi, нарадзiлася дачка Аленка.

— Святлана такая разумнiца, што пашукаць трэба, — у адзiн голас кажуць бацькi. — А за разумнай жонкай i з мужыка можа чалавек атрымацца (нават Леанiд Андрэевiч з гэтым згаджаецца. — Аўт.). Iх дачка ўжо выйшла замуж, сын яшчэ нежанаты. А ўвогуле, у нас ужо i праўнукi ёсць.

— Цi глядзiце вы АНТ? — крыху пераводжу нашу размову ў iншую плынь.

— Бацька пастаянна глядзiць навiны.

— А серыялы?

— Цьфу на iх, — адкрытым тэкстам абураецца Леанiд Андрэевiч. — Я i сыну кажу: «Што вы робiце, навошта вам гэтыя серыялы, гэты дурдом? Менш давайце гэтай паскуднай рэкламы». Пiшчаць, крычаць, плачуць… Адказвае: «А што зробiш? Рэклама — гэта грошы, а без грошай тэлеканал не можа iснаваць».

— Цi часта прыязджае сын? — цiкаўлюся на развiтанне ў бацькоў Рыгора Кiсяля.

— Рэдка, столькi ж працы ў Мiнску. На гадзiнку завiтае ды i назад у Мiнск. Апошнi раз прыязджаў 5 чэрвеня на мой дзень нараджэння. Ён заўсёды прыязджае ў гэты дзень. Бацькi — гэта ж святое. Якую пасаду ты ні займаў бы…

Алесь Сівы, Народная воля

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0