«Не ізаляцыя, а ангажаванасць у еўрапейскі інтэграцыйны працэс можа дапамагчы нашай краіне стаць дэмакратычнай і заможнай», — заявіў міністр замежных справаў Беларусі Уладзімір Макей пасля перамоваў з еўракамісарам у пытаннях пашырэння і палітыкі добрасуседства Стэфанам Фюле.

Перамовы адбыліся ў Тбілісі ў межах двухдзённага раўнду перамоваў на міністэрскім узроўні паміж прадстаўнікамі Еўразвязу і краін-удзельніц праграмы ЕЗ «Усходняе партнёрства»: Беларусі, Азербайджану, Арменіі, Грузіі, Малдовы і Украіны.

На прэсавай канферэнцыі па выніках перамоваў сп. Фюле заявіў: «Беларусь з’яўляецца адным з нашых партнёраў. Але, на жаль, трэба адзначыць, што Беларусь з’яўляецца нашым адзіным партнёрам, з якім мы не маем заканадаўчай базы для моцных двухбаковых стасункаў, як з іншымі партнёрамі.
Ну і яшчэ трэба адзначыць той відавочны факт, што існуе адмысловая палітыка Еўразвязу ў адносінах да Беларусі, абапёртая на трох слупах. Еўразвяз працягвае падтрымліваць сваю пазіцыю, заснаваную на прынцыпах, на якія абапіраецца ўсё Усходняе партнёрства. У такіх абставінах Еўразвяз можа толькі раз-пораз падкрэсліваць, што
для Беларусі існуе перспектыва поўнага развіцця адносінаў, якім карыстаюцца іншыя нашы партнёры. Перадумовай для гэтага развіцця з’яўляецца вызваленне палітвязняў.
Адначасова мы развіваем дыялог аб мадэрнізацыі — гэта адно з пытанняў, якое мы маем намер абмеркаваць з міністрам [Макеем — РС]. Гэта магчымасць ангажаваць прадстаўнікоў беларускага ўраду на рабочым узроўні у дыялог аб тым, якім чынам Еўразвяз мог бы дапамагчы ў мадэрнізацыі Беларусі. Гэты дыялог цяпер мы праводзім з прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасці ў Беларусі».

У адказ кіраўнік беларускай дыпламатыі выклаў сваё бачанне месца Беларусі ў праграме «Усходняе партнёрства» і ролі яе стасункаў з Еўразвязам: «Ад самага пачатку мы былі раўнапраўным партнёрам ва „Усходнім партнёрстве“. Мы застаемся ў гэтай ініцыятыве і будзем заставацца, пакуль, я і не ведаю, што можа здарыцца. Ведаеце, у нашых адносінах з Еўразвязам ёсць пэўныя праблемы, але я думаю, што нам трэба вырашыць гэтыя праблемы спакойным чынам у адкрытым дыялогу. І я спадзяюся, што такі дыялог адбудзецца ў нас заўтра са спадарыняй Эштан і камісарам Штэфанам Фюле. Я думаю, што не ізаляцыя, а ангажаванасьць у еўрапейскі інтэграцыйны працэс можа дапамагчы нашай краіне стаць дэмакратычнай і заможнай. Гэта наша пазыцыя».

Гледзячы па ўсім, афіцыйны Мінск выказвае цяпер пэўную зацікаўленасьць ва ўдзеле ў «Дыялогу аб мадэрнізацыі Беларусі», пра які казаў еўракамісар Фюле.

Паводле інфармацыі Еўрарадыё у канцы студзеня беларускі МЗС выслаў у сталіцы еўрапейскіх краін лісты са сваімі прапановамі і патрабаваннямі ўдзелу ў праграме.

«Беларускі бок сапраўды дасылаў свае прапановы, і, магчыма, новая інфармацыя з’явіцца па выніках сустрэч, што праходзяць гэтымі днямі ў Тбілісі», — паведамілі Еўрарадыё ў прадстаўніцтве ЕЗ у Беларусі.

Сёння ў Мінску намесніца міністра замежных спраў Беларусі Алена Купчына сустрэлася з кіраўніцай прадстаўніцтва Еўразвязу ў Беларусі Майрай Морай. У МЗС падкрэслілі, што сустрэча адбылася з ініцыятывы еўрапейскага боку. На думку экспертаў, адной з тэмаў перамоваў магло стаць выключэнне міністра Макея са спісу неўязных у Еўразвяз.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?