Напісаны ў 1980-м паводле рамана Віктора Гюго, мюзікл быў пастаўлены ў 38 краінах. Запамінальныя кампазіцыі Клода-Мішэля Шонберга і Алена Бубліля зажылі самастойным жыццём: так, фінальную песню Do You Hear the People Sing ставілі кітайскія студэнты на плошчы Цяньаньмэнь.

Каб зрабіць больш кінематаграфічным мюзікл, рэжысёр Том Хупер загадаў акторам спяваць па-сапраўднаму проста ў кадры.
Гэта дадало вобразам эмоцыяў. Хоць і тэатральны патэнцыял напоўніцу выкарыстоўваецца — фантастычныя дэкарацыі, касцюмы, якія падкрэсліваюць характар (асабліва бліскучыя — у мужа і жонкі Тэнард’ё, якіх іграюць Саша Барон Коэн і Хелена Бонэм Картэр). Пэўнай тэатралізаванасцю кіно нагадвае «Анну Карэніну» і «Алісу ў краіне цудаў».

Як часта бывае, станоўчыя персанажы слабейшыя і прасцейшыя за адмоўныя. Жан Вальжан, сыграны Х’ю Джэкманам, няшчасная Фанціна, мілы Гаўрош — з іх дапамогай лёс паказвае інспектару Жаверу, як ён памыляўся ў сваім разуменні справядлівасці.

Гэты спецслужбіст, які выбудоўваў найскладанейшыя схемы, каб злавіць Вальжана, «ціхаром» і правакатарам хадзіў на барыкады, у фінале судзіць сябе самым жорсткім судом за мізэрную праяву чалавечнасці. Бо гэтая мізэрная праява зруйнавала ўсю яго сістэму жыццёвых прынцыпаў — Жавер не ведаў, як далей жыць. Расел Кроў выдатна пасуе для гэтай ролі.

Дарэчы, свой Жан Вальжан ёсць і ў беларускай літаратуры — доктар Чаховіч з паэмы «Слова пра чалавечнасць» Уладзіміра Караткевіча.
Стары вучоны, знемагаючы, выносіць з турмы праз падземныя катакомбы — як Вальжан Марыуса праз парыжскую каналізацыю — маладога падпольшчыка. Інспектар Жавер і яго падручныя, адпаведна, пераўвасоблены ў фашыстаў. Караткевіч рэтрансляваў ідэю, што чалавечнасць магчымая ў найцяжэйшыя часы, але шляху да выкуплення для адмоўных персанажаў не пакінуў.
Перавыхаванне асобна ўзятага паліцэйскага адбываецца на фоне адной з французскіх «Плошчаў» ХІХ стагоддзя — ліпеньскай рэвалюцыі 1830-га, у выніку якой адзін манарх быў зменены на іншага.
Маляўнічыя барыкады, сцягі, наіўнасць і адчай рэвалюцыянераў, да якіх не далучыўся народ...

На беларускіх землях французскія падзеі адазваліся паўстаннем 1830—1831-га, жорстка задушаным царызмам. Яскравы мюзікл пра падзеі двухсотгадовай даўніны шмат у чым сугучны і з нашым днём, а кампазіцыі з яго вы, пабачыўшы кіно, яшчэ доўга будзеце пасля спяваць самі сабе.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?