Галоўны дзяржаўны санітарны доктар Ігар Гаеўскі заявіў пра стабілізацыю сітуацыі з захворваннем на вострыя рэспіраторныя інфекцыі ў Беларусі. Пра гэта ён паведаміў 13 лютага на прэс-канферэнцыі ў Мінску.

Паводле яго слоў, пачынаючы з чацвёртага тыдня гэтага года адзначаецца некаторы ўздым сезоннага захворвання, «прычым не на грып, а на групу вострых рэспіраторных вірусных інфекцый». «На сёння мы адзначаем стабілізацыю сітуацыі. У шэрагу рэгіёнаў Гродзенскай і Брэсцкай абласцей захворванне захоўваецца. Думаю, што з наступнага тыдня ўздым, які мы фіксуем, паступова пачне зніжацца да нормы», — сказаў Гаеўскі. Ён заявіў, што сёлета пакуль не заўважаў нейкіх асаблівасцяў працякання перыяду ўздыму захворвання на ВРІ.

Сярод захварэлых на сёння прыкладна 60% дзяцей і 40% дарослых. На каранцін закрыта сем школ; было восем, але адна адкрылася ў пачатку тыдня.

Вірусы грыпу складаюць ад 5% да 30% у структуры захворвання на ВРІ. «Гаварыць аб эпідэміі грыпу не даводзіцца», — сцвярджае ён.

Выканаўца абавязкаў намесніка дырэктара па навуковай рабоце Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра эпідэміялогіі і мікрабіялогіі Аляксандр Пяткевіч адзначыў, што найбольш распаўсюджаным з цыркулюючых вірусаў грыпу з’яўляецца на сёння A (H1N1), які выклікаў пандэмію ў 2009 годзе, затым A (H3N2) і грып B. Паводле слоў Пяткевіча, у іншых краінах размеркаванне вірусаў іншае. Так, у ЗША, дзе сёлета адзначаецца эпідэмія грыпу, найбольш распаўсюджаны вірус A (H3N2).

Гаеўскі перакананы, што «нічога экстраардынарнага, вельмі нестандартнага, таго, што можа выклікаць нейкую дэстабілізацыю, у краіне не адбываецца».
Міністэрства аховы здароўя своечасова прыняла ўсе прэвентыўныя меры: быў працягнуты рэжым працы паліклінік, арганізавана дзяжурства ўрачоў у паліклініках у нядзелю, да працы з пацыентамі прыцягваліся ўрачы-інтэрны, каб разгрузіць участковых тэрапеўтаў. «Даступнасць паліклінічнай дапамогі была забяспечаная ў поўным маштабе і поўным аб’ёме», — падкрэсліў Гаеўскі.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?