Фрунзенскі РУУС Мінска адмовіў актывістцы грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Юліі Сцяпанавай у распачынанні крымінальнай справы па факце нападу на яе невядомых.
Як паведаміла БелаПАН Сцяпанава, пра гэта гаворыцца ў адказе, які яна атрымала 15 лютага.

«Мне сёння прыйшоў адказ з міліцыі, дзе сказана, што ў распачынанні крымінальнай справы адмоўлена, бо ў дзеяннях невядомых асоб, якія напалі на мяне, няма складу крымінальнага злачынства, — сказала Сцяпанава. — Гэта неяк шакуе, гэта значыць атрымліваецца, што напад на чалавека, гвалтоўныя дзеянні над ім, пагрозы — гэта не крымінальнае злачынства».

Паводле яе слоў, у адказе таксама гаворыцца, што калі людзі, што на яе напалі, будуць знойдзеныя, то іх прыцягнуць да адміністрацыйнай адказнасці.

Сцяпанава мае намер пасля кансультацый са сваім адвакатам накіраваць скаргі ў Следчы камітэт і Генеральную пракуратуру.

Нагадаем, напад на Сцяпанаву адбыўся ў ноч на 14 студзеня на вуліцы Пятра Глебкі, калі яна ішла ад аўтобуснага прыпынку да свайго дому. Адзін з мужчын схапіў дзяўчыну ззаду за рукі, другі коратка абразаў ёй валасы. Затым Сцяпанаву кінулі ў снег тварам. Пры гэтым мужчыны, паводле яе слоў, негатыўна выказаліся пра яе дапамогу палітычным рэпрэсіраваным і пагражалі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?