Больш як 2,5 тысячы чалавек падпісаліся пад анлайн-петыцыяй супраць зносу будынка аўтавакзала «Маскоўскі» ў Мінску, дзе плануе пабудаваць офіс расійскі «Газпрам».

Як паведаміў актывіст аргкамітэта па стварэнні грамадскай арганізацыі «Еўрапейская перспектыва» Дзяніс Кобрусеў, петыцыя размешчана на сайце change.org. Гэта зроблена для таго, каб вынесці пытанне пра знос аўтавакзала на грамадскае абмеркаванне. «Калі „Газпром“ будзе будаваць на месцы аўтавакзала свой офіс, то рашэнне будзе прымацца Мінгарвыканкамам, і меркаванне мінчан ніхто пытаць не будзе», — адзначыў Кобрусеў. Паводле яго слоў, мэта кампаніі — сабраць 100 тыс. анлайн-подпісаў.

«Не павінна быць так, што калі прыходзіць нейкі багаты інвестар, такі як „Газпрам“, пальцам тыцкае ў тое месца, дзе жадае паставіць свой офіс, і гарадскія ўлады павінны вызваліць гэта месца», — сказаў Кобрусеў. Паводле яго слоў, аўтавакзал зручны мясцовым жыхарам, якія часта ездзяць за горад.

Як паведаміў актывіст, ініцыятыўная група з ліку мясцовых жыхароў займаецца таксама зборам подпісаў на паперы. Супраць зносу будынка аўтавакзала «Маскоўскі» ўжо падпісаліся больш як 500 чалавек, галоўным чынам жыхары мікрараёна Усход-2.

У перспектыве мясцовыя жыхары маюць намер накіраваць подпісы ў Мінгарвыканкам.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?