Футбольны арбітраж Беларускай федэрацыі футбола на пасяджэнні 15 лютага не задаволіў апеляцыю барысаўскага БАТЭ на рашэнне камітэта па статусе і пераходах футбалістаў па справе экс-галкіпера клуба Аляксандра Гутара, паведаміла прэс-служба БФФ.

22 студзеня камітэт БФФ па статусе футбалістаў дазволіў варатару БАТЭ Аляксандру Гутару пакінуць клуб з выплатай кампенсацыі ў 180 тыс. долараў ЗША. Найлепшы футбаліст Беларусі 2011 года Гутар звярнуўся ў БФФ у сувязі з тым, што ў сезоне-2012 гуляў менш як у 10% матчаў. БАТЭ выступіў з заявай, у якой выказаў нязгоду з рашэннем федэрацыі: «На наш погляд, камітэт з-за незразумелых прычын не прыняў да ўвагі або няправільна трактаваў шэраг юрыдычна важных аргументаў з боку ФК БАТЭ, без якіх немагчыма вынясенне абгрунтаванага і справядлівага рашэння. Больш удумлівы разгляд гэтых аргументаў павінен быў карэнным чынам змяніць вердыкт».

Акрамя таго, на думку клуба, сума кампенсацыі, прадугледжаная рашэннем камітэта, «падлічана неэфектыўна». «Згодна з рэгламентавальнымі дакументамі гэтая сума ў любым выпадку павінна быць не меншая за агульную суму заработнай платы гульца за тэрмін, што заставаўся паводле кантракта. Заяўленая ж камітэтам сума істотна ніжэйшая. Да таго ж у гэтай сітуацыі павінны быць улічаныя падаткі, якія клуб выплачваў за Гутара», — лічаць у БАТЭ.

Паколькі апеляцыя не задаволена, клуб звернецца ў міжнародны спартыўны арбітражны суд у Лазане.
«Што да Аляксандра, то ён, парушыўшы адносіны з клубам, які выгадаваў яго, сапсуе сабе кар’еру, таму што ў найбліжэйшыя месяцы, а можа, і гады яго чакаюць пастаянныя разборы ў розных інстанцыях», — гаварылася ў заяве.
Сам Гутар адправіўся ў Турцыю на збор разам з мінскім «Дынама». 15 лютага ён прысутнічаў на разглядзе апеляцыі і ў суботу зноў далучыцца да каманды.
Раней прэс-служба «Дынама» паведаміла, што кантракт з Гутарам можа быць падпісаны пасля 18 лютага, калі гульцы вернуцца ў Мінск.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?