Брытанскі спявак і гітарыст Тоні Шэрыдан, акампаніруючы якому ўдзельнікі The Beatles запісалі свой першы афіцыйны сінгл «My Bonnie», памёр ва ўзросце 72 гадоў.
Пра гэта 16 лютага паведаміў блог SpyVibe са спасылкай на гукарэжысёра Стыва Хофмана. Тоні Шэрыдан жыў у Гамбургу.

Шэрыдан ў апошні час адчуваў сур’ёзныя праблемы са здароўем. Апошні студыйны альбом спевака «Vagobond» выйшаў у 2002 годзе.

У 1962 годзе сінгл Тоні Шэрыдана «My Bonnie», якім актыўна цікавіліся пакупнікі ў Ліверпулі, прымусіў уладальніка музычнай крамы NEMS Браяна Эпстайна пайсці ў клуб «Кэверн», каб паглядзець на гурт The Beatles, які меў на той момант толькі лакальную вядомасць.

У песні «My Bonnie» Джон Ленан, Пол Макартні, Джордж Харысан і тагачасны бубнач Піт Бэст выступілі ў ролі акампанемэнту і бэк-вакалістаў (на пласцінцы яны былі пазначаныя, як The Beat Brothers). Прыйшоўшы ў «Кэверн», Эпстайн быў моцна ўражаны выступам і стаў менеджарам «бітлоў», сыграўшы значную ролю ў іх станаўленні як сусветных зорак, паведамляе lenta.ru

***

У жніўні 2012 года з Тоні Шэрыданам пагутарыў карэспандэнт «Нашай Нівы».

Спявак і музыкант у тым ліку расказаў пра сустрэчу з бітламі:

«Калі табе дваццаць, а ты сустракаеш такіх самых дваццацігадовых, і ўсе вы музычныя фанаты з гіганцкім эга і вялікай любоўю да сваёй справы, вы імкнецеся стварыць разам нешта, акрэсліць сваю тэрыторыю, прымусіць усё навокал рухацца.

Ніхто нават не думаў на тэму будучыні The Beatles. Усе ж лічылі што рок-н-ролвось-вось памрэ. У „бітлоў“ была дэпрэсія — яны не бачылі святла ў канцы тунэля».

Пасля гучнага поспеху «бітлоў» у Брытаніі, чаму вы не вярнуліся да іх?

Яны мяне клікалі з сабой у Ліверпуль, казалі, што там можна рабіць тое самае, што мы рабілі ў Гамбургу. Казалі, што мы з імі разам класна гучым і выглядаем.

Але я сказаў «не».
У мяне кантракт на запіс у Гамбургу, чаго мне вяртацца…

Калі яны сталі звышвядомымі, я за іх вельмі радаваўся. Хаця, калі мы з калегамі пачулі іх першыя сінглы — Love me Do і Please, Please me, мы не маглі зразумець, што гэта такое? Спяваюць нейкае лайно.

«Кахай, кахай мяне» — на каго яны разлічваюць? На дзяўчын-падлеткаў? Але гэта была стратэгія. І змена іміджу, і музыкі.
Ад іх адмовіліся ўсе гуказапісваючыя кампаніі, адзіная, якая згадзілася з імі працаваць — ЕМІ. Іх прадусар Джордж Марцін сапраўдны чараўнік, але нават ён не мог уявіць, у якія фігуры яны ператворацца. Пасля першых сінглаў «бітлы» пачалі ствараць геніяльную музыку.
Дарэчы, у Санкт-Пецярбургу, у Расіі, давялося граць з беларусамі.
Хлопец, з якім мы працавалі ў Расіі, сказаў: «Я прывяду табе двух цудоўных гітарыстаў». Яны прыехалі з Беларусі, мы з імі шыкоўна сыграліся. Аднак фінансавыя праблемы не дазволілі нам паехаць разам далей, каб мы маглі пару месяцаў папрацаваць і запісаць альбом. Шкада, я б вельмі хацеў гэта зрабіць — яны мяне натхнілі. Імёнаў іх у мяне няма, але калі яны прачытаюць нашую гутарку, яны знойдуцца..."

My Bonnie

Sweet Georgia Brown

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?