Прадпрымальнік з Ваўкавыска, ветэран афганскай вайны Мікалай Аўтуховіч, асуджаны ў маі 2010 года на пяць гадоў зняволення ва ўмовах строгага рэжыму за захоўванне пяці патронаў да паляўнічай стрэльбы, не мае намеру прасіць Аляксандра Лукашэнку аб памілаванні. Пра гэта ён паведаміў у лісце грамадскаму актывісту Леаніду Гаравому.

Паводле слоў Гаравога, у адным з лістоў ён напісаў Аўтуховічу, што зараз кіраўнік дзяржавы чакае ад палітзняволеных хаця б трох слоў: «Прашу мяне вызваліць». Мікалай Аўтуховіч адказаў, што нават гэтых трох слоў ад яго не дачакаюцца.

«Маю свае погляды. І ўсё жыццё я ніколі іх не мяняю. Нават калі буду ведаць, што яшчэ дадаткова дадуць новы тэрмін, пісаць нават і тры словы не буду! Калі быць нязломленым, трэба ісці да канца.

Без кампрамісаў, без усякіх умоў. Я нічога не рабіў дрэннага для Радзімы і народа, не парушаў аніякіх законаў, чаму я павінен звяртацца з прашэннем? Гэта будзе няправільна, як па мне», — цытуе ліст Аўтуховіча праваабарончы сайт www.spring96.org.

У сваю чаргу брэсцкі ветэран афганскай вайны Аляксандр Сахарук паведаміў праваабаронцам, што Аўтуховіч даслаў яму ліст, у якім павіншаваў усіх сваіх «былых братоў па зброі» з чарговай гадавінай вываду савецкіх войскаў з Афганістана (15 лютага). Ён пажадаў ім «заставацца ў гэтым жыцці не толькі людзьмі, але і грамадзянамі, каб без сумненняў можна было паціскаць адзін аднаму рукі».

Мікалай Аўтуховіч, якому 7 студзеня гэтага года споўнілася 50 гадоў, утрымліваецца ў гродзенскай турме № 1. Праваабаронцы прызналі яго палітзняволеным, асуджаным за актыўную грамадскую дзейнасць і барацьбу з карупцыяй. Аўтуховічу неаднаразова рэкамендавалі звярнуцца па памілаванне да Лукашэнкі. Усякі раз пасля яго адмоў націск на зняволенага з боку турэмнай адміністрацыі ўзмацняўся.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?