Вынікі даследаванняў, якія правялі спецыялісты Віцебскай гарадской ветэрынарнай станцыі ў сувязі з масавай гібеллю качак на рацэ Віцьба, паказалі, што птушкі загінулі ад салявога атручэння.

«Прыкмет інфекцыйнага ці віруснага захворвання мы не ўстанавілі. У тушках птушак, якія паступілі на даследаванне, выяўлена перавышэнне ўтрымання хлорыстага натрыю. Прасцей кажучы, гэта салявое атручэнне. Соль вадаплаўным птушкам шкодная, а загінулых качак гараджане кармілі чыпсамі і салёнымі сухарыкамі. Што тычыцца вынікаў даследавання вады ў рацэ, якое правялі эколагі, то яны ў норме», — паведаміў начальнік Віцебскай гарадской ветэрынарнай станцыі Леанід Рачкоўскі.

Тыдзень таму пад пешаходным мостам у вусці Віцьбы ў абласным цэнтры былі выяўлены прыкладна паўсотні мёртвых качак.

Спецыялісты гарадской інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя растлумачылі масавую гібель вадаплаўных няправільным кармленнем птушак гараджанамі — хлебам і сухарыкамі. Пры гэтым загінулыя качкі ўсё ж былі адпраўлены на экспертызу ў гарадскую санстанцыю.

Некалькі дзён таму на мосце цераз Віцьбу з’явіліся дзве шыльды, якія заклікаюць не карміць качак і лебедзяў. У іх паведамляецца, што падкормліваць вадаплаўных птушак можна толькі ў экстрэмальныя перыяды зімоўкі — пры тэмпературы ніжэй за мінус 15 градусаў ці пры наяўнасці ў іх фізічных пашкоджанняў, калі яны не могуць самастойна здабываць ежу.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?