Я зацікаўлены ў тым, каб у сваім дакладзе непрадузята паказаць сітуацыю ў Беларусі, у тым ліку пазіцыю беларускага ўрада, яго бачанне існых праблем і шляхі іх вырашэння»,
— заявіў спецдакладчык па сітуацыі ў Беларусі Рады па правах чалавека (РПЧ) ААН Міклаш Харашці 18 лютага на сустрэчы з беларускімі журналістамі ў Кіеве.

Паводле слоў Харашці, падчас працы над дакладам, які павінен быць прадстаўлены на сесіі РПЧ у чэрвені гэтага года, ён пакуль змог сустрэцца толькі з прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасці Беларусі. Прычым усе сустрэчы праходзілі за межамі Беларусі, бо афіцыйны Мінск не прызнае яго мандат спецдакладчыка і не дае дазволу на візіт у краіну.

Цяпер Харашці чакае адказу на свой чарговы зварот за беларускай візай.

«Маё самае вялікае жаданне — каб супрацоўніцтва з урадам Беларусі было б такім жа поўным, як цяпер з грамадзянскай супольнасцю.

У гэтым зацікаўлена і Рада ААН па правах чалавека, і вярхоўны камісар па правах чалавека, — падкрэсліў Харашці. — Я запытваў беларускую візу некалькі разоў, але пакуль пытанне не было вырашаны станоўча. І ўсё ж, мы не губляем надзеі, што беларускія ўлады пачнуць з намі паўнацэнна супрацоўнічаць. Бо гэта ў інтарэсах як усяго беларускага народа, так і ўрада».
У працы над дакладам Харашці вялікую ўвагу надае пытанню пра наяўнасць палітвязняў у Беларусі, умовы ўтрымання ў беларускіх турмах, выкананне асноўных палітычных і грамадзянскіх правоў.

«Мой будучы даклад скіраваны ў тым ліку на тое, каб дапамагчы беларускім уладам выканаць рэкамендацыі Савета па правах чалавека і вярхоўнага камісара ў сферы выканання правоў чалавека. Акрамя таго, важнай часткай маёй працы з’яўляецца і выпрацоўка маіх уласных рэкамендацый ураду для паляпшэння сітуацыі», — паведаміў Харашці.

Рашэнне пра ўвядзенне мандата спецыяльнага дакладчыка па сітуацыі ў Беларусі было прынята Радай ААН па правах чалавека ў чэрвені 2012 года. У лістападзе таго ж года спецдакладчыкам быў прызначаны Міклаш Харашці.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?