Афармленне праязных дакументаў праз тэрміналы самаабслугоўвання на чыгуначных вакзалах у Мінску і Віцебску спросціцца, паведамляе прэс-служба Беларускай чыгункі.

Неўзабаве на ўсіх плацежна-даведачных тэрміналах самаабслугоўвання плануецца ўстанавіць новую версію праграмнага забеспячэння з аптымізаваным працэсам афармлення праязных дакументаў. Як адзначылі ў БЧ, яе тэставанне знаходзіцца на завяршальнай стадыі. Асноўнае адрозненне новай версіі ад старой заключаецца ў скарачэнні колькасці крокаў, неабходных для куплі білета праз тэрмінал.

Так, цяпер для афармлення праязнога дакумента патрабуецца шляхам націску на сэнсарны экран тэрмінала выканаць 10-15 крокаў (у залежнасці ад віду білета), а пасля ўвядзення новай сістэмы іх колькасць скароціцца да чатырох-шасці.

Упершыню паслуга продажу праязных дакументаў праз тэрміналы самаабслугоўвання была ўведзена ў студзені 2012 года. Плацежна-даведачныя тэрміналы функцыянуюць на дзвюх станцыях беларускай магістралі — Мінск-Пасажырскі і Віцебск. Праз тэрміналы можна набыць білеты на цягнікі гарадскіх ліній і рэгіянальных ліній эканамкласа. Скарыстацца паслугай могуць трымальнікі плацежных картак усіх банкаў Беларусі. Пры гэтым камісійны збор не бярэцца.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?