28 ліпеня ў Таварыстве Беларускай Культуры Літвы адбылося чарговае мерапрыемства. Гэтым разам прысьвечанае 10 угодкам з дня сьмерці ЛЯВОНА ЛУЦКЕВІЧА.

Як заўсёды распачаў імпрэзу старшыня ТБК Хведар Нюнька, ён павіншаваў прысутных зь днём незалежнасьці Беларусі, абвешчаную ў 1990 годзе, прынятую Вярхоўным Саветам Беларусі, якім кіраваў Станіслаў Шушкевіч [Да жніўня 1991 г. старшынём Вярхоўнага Савету быў Мікалай Дземянцей – НН.]. Было прапанавана, каб прафэсар Станіслаў Шушкевіч стаў ганаровым сябрам ТБК.

Нельга пагадзіцца з паэтам Уладзімерам Высоцкім, які ў адным зь вершаў пісаў: «Незаменимых нет»! Ёсьць! Прайшло дзесяць год як няма з намі Лявона Луцкевіча, яго не хапае, не хапае яго парадаў, яго ўсьмешкі, яго вандровак па Вільні.

Першым выступіў з успамінамі Хведар Нюнька, ён коратка напомніў прысутным біяграфію Л. Луцкевіча. Нарадзіўся ў сям’і беларускіх інтэлігентаў, вучыўся ў легендарнай Віленскай Беларускай гімназіі, за беларускую дзейнасьць быў асуджаны, адбываў пакараньне на Калыме, пасьля хрушчоўскай адлігі вярнуўся ў Вільню.

Лявон Луцкевіч быў адным з першых, хто пачаў адраджаць беларускае культурнае жыцьцё напрыканцы 80‑х гадоў мінулага стагодзьдзя. Ён быў адным з першых, разам з Хведарам Нюнькам, хто заснаваў ТБК, улічваёчы тое, што бацька Лявона Антон Луцкевіч закатаваны ў кіпцюрох ГПУ,,дзяцька Іван Луцкевіч таксама вядомы беларускі дзеяч, дый сам Лявон адбываў пакараньне, таму ён не мог на той час узначальваць беларускую суполку. Але ён быў духоўным кіраўніком, 10 год сябравалі Хведар Нюнька і Лявон Луцкевіч і ні разу не разышліся ў поглядах адносна незалежнасьці Беларусі, у ідэях. сп. Хведар нагадаў прысутным, аб крыўдзе, якая засталася ў Лявона Луцкевіча , які з замілаваньнем любіў Вільню, аставіў пасьля сябе памяць — кнігу «ВАНДРОЎКІ ПА ВІЛЬНІ». Ён марыў, каб кватэра беларускага мастака Пётры Сергіевіча, што па вуліцы Антокальскай 30 у Вільні, дзе на працягу дзесяцігодзьдзяў гуртаваліся беларусы, засталася кватэрай — музэем, нажаль беларуская амбасада не змагла даплаціць адпаведнай сумы грошай і яе набыў бізнесовец з Грузіі. На доме ўсталявалі мемарыяльную дошку з бронзы. Пры адкрыцьці выступаў Лявон Луцкевіч і ён сказаў: «Хай гэта застанецца на сумленьні тых, хто мог зрабіць, але не зрабіў». Другая крыўда, якой быў абураны Луцкевіч, — кіраўніцтва дзяржаўнай беларускай школы ў Вільні адмовіла Таварыству беларускай школы, кіраўніком якой доўгі час зьяўляўся Лявон Луцкевіч, у памяшканьні. І трэцяя крыўда — тэлебачаньне; на першай праграме літоўскага тэлебачаньня Лявон Луцкевіч распачаў тэлеперадачы «Вандроўкі па Вільні» на беларускай мове, але на жаль, яны дальнейшага працягу ня мелі.

Аб чым бы ні гаварыў Лявон Луцкевіч, ён гаварыў шчыра, рабіў слушныя заўвагі. Ён зьўляўся духоўнай глебай для ТБК, для ТБШ, для моладзі.

Другім выступіў Андрусь Старавойтаў. Ён упершыню пачуў голас дзядзькі Лявона па радыё, калі жыў у Маладэчне і паставіў сабе за мэту абавязкова пазнаёміцца з Лявонам Луцкевічам, што і адбылося ў Вільні. Добрыя стасункі між імі, па словах Андруся Старавойтава, доўжыліся да апошніх дзён жыцьця Лявона. Андрусь Старавойтаў працуе на радыё «Палёнія» і ў сваім рэдакцыйным архіве захаваў шматлікія выступленьні і інтэрв’ю Л. Луцкевіча — і сёньня яны гучаць вельмі актуальна.

Наступнай выступала я. Мне пашчасціла пазнаёміцца з дзядзькам Лявонам у 1988 годзе ў палацы прафсаюзаў. У лясной хатцы Зоські Верас, у яго бывала на кватэры з вучнямі.

Выступіла загадчыца беларускай катэдры ў Віленскім педагагічным унівэрсытэце др. Лілея Плыгаўка, якая між іншым адзначыла, што каб не Лявон Луцкевіч і Хведар Нюнька, з іх уплывовым аўтарытэтам у літоўскім грамадстве, зь іх мэтанакіраванасьцю, арганізатарскімі здольнасьцямі сп. Хведара не было б у Вільні ні беларускай школы, ні беларускай катэдры. Іх называлі беларускімі аксакаламі.

Апошнім выступіў чалец рады ТБК Сяргей Карабач.

Нагадвалі выказваньні Лявона Луцкевіча, які адзначаў у свой час, што ў складаны для гісторыі перыяд зьяўляюцца, як грыбы, беларускія суполкі, якія часьцей працуюць не на карысьць Бацькаўшчыны, а для чужых інтарэсаў. Гісторыя паказала, што ён не памыляўся.

У пачатку 90‑х гадоў Лявон Луцкевіч заклікаў падтрымаць незалежнасьць Літвы. Гэтае ён аргументваў тым, што суседняя дэмакратычная краіна будзе служыць на карысьць беларусам.

Лявон Луцкевіч тады быў разам з літоўцамі, як і многія беларусы ‑інтэлігенты Літвы. Ён застаўся ў памяці тых, хто яго ведаў, хто зь ім адраджаў беларускае жыцьцё ў Вільні.

Ягоная кніга «Вандроўкі па Вільні», жывы голас на радыё і ў тэлеперадачах, ўспаміны аб ім — узмацоўваюць падмурак беларускасьці. Яго справа працягваецца, — сказаў Хведар Нюнька, — і знаходзіцца ў надзейных руках. Напрыканцы прысутныя паглядзелі відыяфільм ТБК «Паховіны Лявона Луцкевіча».

У ТБК дзейнічала выстава кніг, у якіх згадваецца Лявон Луцкевіч. На ёй была прадстаўлена яго адзіная кніга «Вандроўкі па Вільні», выдадзеная ТБК, якая пабачыла свет ужо пасля смерці аўтара.

Ён памёр, калі закончыўся 2‑гі зьезд беларусаў сьвету, у той дзень адышла ў іншы сьвет беларуская паэтка Натальля Арсеньева.

Яго імя застанецца ў гісторыі Бацькаўшчыны, як яго бацькі Антона Луцкевіча і дзядзькі Івана Луцкевіча.

ЖЫВЕ БЕЛАРУСЬ!

Леакадзія Мілаш (Вільня), 28 ліпеня 2007 г.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0