—Летась я здала чарнiц на 1,5 мiльёна рублёў, сёлета — пакуль што на 500 тысяч, ‑‑ кажа Лiя Ролiч, жыхарка Маладзечанскага раёна. ‑‑ Добра, што ў гэтым годзе прымаюць па высокай цане — па «пяцёрцы» за кiлаграм, а гэта ж жывыя грошы!

Маладзечанскае райпа сур’ёзна падрыхтавалася да сезона нарыхтовак: на працу ў якасцi нарыхтоўшчыкаў прынятыя дваццаць чалавек, да працэсу падключаныя ўсе 82 прадпрыемствы гандлю раёна, дадаткова набыта больш за 800 адзiнак тары. Як паведамiла начальнiк аддзела нарыхтовак Маладзечанскага райпа Тамара Сянько, «чатыры тоны замарожаных ягад экспартаваныя ў Лiтву, астатнiя былi адпраўленыя на Маладзечанскi харчовы камбiнат».

ПУП «Маладзечанскi харчовы камбiнат» — адно з буйнейшых перапрацоўчых прадпрыемстваў Белкаапсаюза. Абноўленая тэхнiчная база i выкарыстанне з 2004 года тэхналогii шокавай замарозкi чарнiц дазваляе камбiнату складаць моцную канкурэнцыю аптовым экспарцёрам на Захад.

Па гэтай тэхналогii ягады праходзяць некалькi ступеняў ачысткi на спецыяльным агрэгаце, пасля чаго фасуюцца ў запламбаваныя пакеты i захоўваюцца некаторы час у маразiлцы. Тэмпература там дасягае «мiнус 22 — мiнус 24» градусы. Такая глыбокая замарозка дазваляе захаваць усе карысныя якасцi ягады i пазбегнуць праблем пры транспарцiроўцы. Штогод 90 працэнтаў ад аб’ёму прынятых камбiнатам чарнiц накiроўваецца ў краiны Балтыi, Польшчу, Германiю. З астатняй сыравiны камбiнат вырабляе сокi, джэм, варэнне, працёртыя з цукрам ягады для беларускага спажыўца. Вялiкiм попытам карыстаецца шкляное кансерваванне. З гэтага года сок з чарнiц разлiваецца ў шклянкi еўрапейскага ўзору — ёмiстасцю 0,74 лiтра i з закруткай тыпу «твiст‑оф».

— Тэхналогiя глыбокай замарозкi перспектыўная i рэнтабельная, — гаворыць Таццяна Бобрык, намеснiк дырэктара па эканомiцы Маладзечанскага харчкамбiната. Летась прыбытак ад вытворчасцi склаў 20 працэнтаў, у гэтым — 15. У перспектыве на наступны год — павелiчэнне халадзiльнай базы. У планах — устанаўленне абсталявання класа А. Справа ў тым, што ў Еўропе чарнiцы падзяляюцца на гатункi, вышэйшы з якiх гатунак А. Яго прыкмета — адсутнасць на ягадах так званых «антэнак». Ужо гучала прапанова ад нашых пастаянных клiентаў узняць узровень ачысткi да такой мяжы, што, несумненна, павялiчыць сабекошт сыравiны. Iдэя пакуль абмяркоўваецца.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?