Наваполацкі гараддзел Следчага камітэта скончыў папярэдняе следства па нашумелай справе аб збіцці кантралёркі аўтапарка № 6 Людмілы Шахлінай. Следчыя ўлічылі чыстасардэчнае раскаянне яе крыўдзіцеля Аляксандра Блінова, а таксама яго станоўчыя характарыстыкі і поўнае пакрыццё нанесенай ім шкоды, і знялі з яго крымінальную адказнасць. Акрамя таго, пацярпелая сама хадайнічала аб спыненні справы.
Дарэчы, пасля інцыдэнту яна больш не працуе кантралёркай.

Такое развіццё справы даволі нечаканае. Гэта падобна на міравое пагадненне паміж бакамі, але пакуль няясна толькі, хто яго ініцыяваў.

Аднак гісторыя ў наваполацкім аўтобусе ў хуткім часе можа атрымаць новае развіццё. Іншыя ўдзельнікі канфлікту — сям’я, за якую заступіўся Бліноў, — падаюць на былую кантралёрку Шахліну ў суд.
«З нашым сынам месяц займаўся псіхолаг, малога цяпер у аўтобус сілай не зацягнеш», — расказаў карэспандэнту непасрэдны ўдзельнік канфлікту, які назваўся Ігарам. Вынікі медэкспертызы пацвердзілі наяўнасць у яго жонкі пабояў. «Мы ўжо падавалі заяву ў суд. Але там сказалі чакаць завяршэння папярэдняга расследавання».

Па яго словах, іх з жонкай двойчы выклікалі для дачы сведчанняў па справе. Ладзілі ім вочную стаўку з іншымі ўдзельнікамі здарэння. А потым яны ўжо з уласнай ініцыятывы цікавіліся ходам справы. Розгалас вакол здарэння ў Наваполацку ўжо прыціх. У гарадскіх аўтобусах з’явіліся відэакамеры.

У цэлым Ігар задаволены вынікам расследавання, але пры гэтым перакананы, што з Блінова трэба зняць усю адказнасць за ягоны ўчынак.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?