Валянцін Акудовіч, філёзаф:
«Яны толькі пачынаюць гэтаму вучыцца»

Я гатовы адказаць катэгарычна — не. Яны толькі пачынаюць гэтаму вучыцца. Але ў традыцыях беларусаў адпачынку, як такога, не было. У традыцыйнай культуры, прынамсі. Беларусы альбо працуюць, альбо п’юць гарэлку. Але каб на цьвярозую галаву забаўляцца… ім гэта да галавы не прыходзіць. І таму яны ніводнай гульні, акрамя хованак, і не прыдумалі. Ці то ад ворагаў, ці то ад саміх сябе. Адпачынак зьвязаны з заможнай клясай. У эпоху ВКЛ і ранейшыя, калі ў нас была свая шляхта, яна, бясспрэчна, мела сваю культуру адпачынку. А нізавыя, плябейскія слаі ня мелі такой магчымасьці. Не было адкуль узяцца культуры адпачынку. З адпачынкам зьвязаныя толькі рэлігійныя сьвяты. Паколькі ў нядзелю працаваць забаранялася, беларускі чалавек мусіў, як бы, адпачываць. Але нават у нядзелю ён не адпачываў, а імітаваў адпачынак. А найпрасьцейшая імітацыя адпачынку — гэта ўзяць чарку. А калі беларускі чалавек не выпіваў, дык чакаў панядзелка, каб хутчэй пачаць што‑небудзь рабіць. І вось зараз, у сувязі з ростам заможнасьці, пакрысе пачынаюць напрацоўвацца розныя формы адпачынку. Адна з формаў, якая проста неверагодна выбухнула, і якой беларусы пачалі карыстацца масава, зьвязаная якраз з турызмам, з вандроўкамі. Нават тыя бясконцыя выезды на шашлык — гэта таксама адна з формаў культуры адпачынку, якая ўваходзіць у праграму жыцьця.

Яўген, прадпрымальнік:
«Сур’ёзнасьць не дае ім адпачываць»

На маю думку, у беларусаў няма сьвятаў. Усё, што яны робяць, робіцца празь перашкоды. Калі яны працуюць, яны працуюць так, што на іх глядзець прыемна. І калі яны адпачываюць, дык трэба так адпачываць, як апошні раз. Для беларусаў адпачынак — гэта не рэляксацыя, а таксама праца па адпачынку. Стаяць у чэргах па піва, выстаяць ці ня ўсе каруселі, схадзіць на ўсе мерапрыемствы. Беларусы — людзі сур’ёзныя. І гэтая сур’ёзнасьць ім не дае нармальна ні працаваць, ні адпачываць.

Алег Гарбуз, актор тэатра імя Янкі Купалы:
«Адпачынак у нас — гэта грамаў семсот»

Я асабіста ня ўмею адпачываць. І тое, што я бачу навокал, таксама адпачынкам назваць не магу. Я маю на ўвазе ўсе гэтыя масавыя сьвяты. Адпачынак у нас — гэта грамаў семсот. Нямногія з нас гатовыя ўзяць човен і сплавіцца па рацэ. Такіх у нас адзінкі. Народу проста невядома, што такое «адпачываць».

Тамара, настаўніца:
«Гэта не адпачынак, а пакута»

Як адпачываюць аргентынцы, ці бразыльцы? Танга, самба, пасадоблі ўсялякія. Вось у каго варта павучыцца. Напэўна, па аналёгіі, у нас павінны быць свае сьвяты гарадоў і мястэчак. На якіх будуць масава гатавацца мясцовыя стравы, ліцца сваё піва. І ўсё гэта пад «Лявоніху» з «Полькай». А тое, што адбываецца зараз — жлуктаньне гарэлкі пад гнюсную папсу — гэта не адпачынак а пакута.

Віктар Шалкевіч, артыст, сьпявак:
«Гледзячы, што лічыць адпачынкам»

Гледзячы, што лічыць адпачынкам. Калі ў чалавека вельмі нэрвовая праца, ён набірае вядро шашлыкоў, скрыню гарэлкі, вясёлых дзяўчат і едзе адпачываць. Гэта адзін спосаб. Другі, калі людзі зьбіраюцца цэлымі сем’ямі і едуць у Кракаў, у Прагу. Я лічу, што адпачываць у нас, канечне, умеюць. Зараз сялянскай, фізычнай працы, як такой, няма. Зараз праца вельмі цяжкая маральна. І чалавек адпачывае ад людзей, ад калектыву, ад адносінаў у калектыве. Ён проста ўцякае. У мяне ёсьць прыяцель, які ўцякае на Браславы. Кажа — вялізнае возера і я адзін з вудай на ўсім возеры. Для яго гэта адпачынак.

Інэса, хатняя гаспадыня:
«Калі б былі магчымасьці…»

Адпачываць — не працаваць. Калі б былі магчымасьці, дык хапіла б і фантазіі. Бяда ў тым, што ў людзей магчымасьцяў няма. Пра які сур’ёзны адпачынак можна казаць, калі звычайны паход у рэстаран — падзея. Пра ваяжы ў Вэнэцыю і на Коста Брава памаўчу.

Юры Хашчавацкі, кінарэжысэр:
«Усё ж такі ўмеем!»

Мне цяжка за ўсіх беларусаў казаць. Мне здаецца, гэта такія працаголікі, якія, на жаль, адпачываць ня могуць. У нас увогуле культуры адпачынку няма, у сувязі з нашай гісторыяй. Які ў нас быў адпачынак? Увесь ён складаўся з таго, што пару дзён трэба было паштурхацца на вакзале у чэргах, а калі прыедзеш у Сочы, трэба было займаць чаргу па білеты назад. Моладзь зараз таксама не адпачывае. Яна носіцца па сьвеце ў пошуку заробку… Я ня ўмею адпачываць. Я адпачываю душою, калі раблю што‑небудзь цікавае. Хаця, я памятаю, як да журналіста Яўгена Будзінаса прыехаў прэзыдэнт фірмы «Фальксваген». І яны пайшлі ў Дудутках да ракі. Гэта быў працоўны дзень. І раптам у прэзыдэнта адвісла сківіца. Ён убачыў некалькі рыбакоў на беразе. І сказаў: «Ё маё! Як ім хораша! Летнія работы паўсюль, працы сялянскай шмат. А гэтыя сядзяць і рыбу вудзяць». Значыцца, усё ж такі ўмеем адпачываць.

Газэта «Свабода»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0