Бульдог яшчэ не адышоў ад наркозу і недарэчна раскінуўся на каталцы.

Бульдог яшчэ не адышоў ад наркозу і недарэчна раскінуўся на каталцы.

Няўдалы прыжок з канапы. Чыхуахуа звычайна трапляюць у клініку з паламанымі лапамі.

Няўдалы прыжок з канапы. Чыхуахуа звычайна трапляюць у клініку з паламанымі лапамі.

Доктар Юрый Вараб'ёў.

Доктар Юрый Вараб'ёў.

Свойскіх жывёл цяпер песцяць і любяць, адзяваюць, фарбуюць і робяць модныя стрыжкі. Роля ветэрынара значна ўзрасла.
Мы завіталі ў мінскую прыватную клініку «Доктар Вет» і пабачылі на ўласныя вочы, як яна функцыянуе. Пра чорны заабізнэс, пакусаныя рукі і зачаткавы стан беларускай ветэрынарыі расказвае ветэрынар Юрый Вараб’ёў.

«Мы будзем змагацца за яе жыццё да апошняга»

Я заходжу ў вялікую залу.
Уздоўж сцен стаяць крэслы і канапы, апарат з кавай, шафа з кормам і два сталы з рэкламнымі буклетамі. Калі вы нечакана вырашыце ўпрыгожыць свайго сабаку ці котку ўзорамі, зрабіць ім каскі, эпіляцыю ці стрыжку, прафесійны грумер прыйдзе вам на дапамогу. На сценах — плакаты і абвесткі. Вочы спыняюцца на рэкламе гатэля для жывёл, якім вы можаце скарыстацца, калі з’явіцца неабходнасць кудысьці з’ехаць, а чацвераногага сябра няма на каго пакінуць.
Людзей тут пакуль няшмат.
З аднаго боку сядзіць усхваляваная жанчына з кароткай стрыжкай, прыпухлымі ад слёз вачыма, якая нервова гартае часопіс, а яе муж адлічвае патрэбныя 5 тысяч, каб замовіць каву ў апараце.
Другімі наведнікамі аказалася сям’я з Брэста. Каля іх на падлозе сядзіць дагледжаны чорны скотч-тэр’ер з паголенай з аднаго боку шыяй. Першае ўражанне падманлівае — сабака дажывае апошнія дні… «Мы кожныя тры дні ездзім з Брэста ў гэтую клініку. Мясцовыя ветэрынары даўно раілі ўсыпіць нашу дзяўчынку, але мы вырашылі, што будзем змагацца за яе жыццё да апошняга. У яе злаякасная пухліна, якую ўжо нельга выдаліць,
а ў жываце збіраецца вадкасць, якую кожныя тры дні адпамлоўваюць. Усе вены абколатыя, жывога месца на ёй не засталося… Але яна хоча жыць, і мы робім усё дзеля гэтага», — апошнія словы гаспадыня кажа, ледзь стрымліваючы слёзы. Бярэ сабаку на рукі і пачынае цалаваць.
Жанчына, што сядзіць у іншым куце, слёз не хавае. Яе бульдогу робяць складаную аперацыю.
«Я ўпотай зазірнула ў шчыліну паміж дзвярыма, ён там ляжыць прывязаны, пад наркозам, у яго язык вісіць. Бедны, бедны мой хлопчык…» — зноў заплакала яна. Муж падсеў бліжэй і пяшчотна абняў за плечы.

«Жывёл лячыць цяжэй, чым людзей»

У залу заходзяць іншыя кліенты. У дарожных торбах і заплечніках, за пазухамі і ў адмысловых боксах яны прыносяць сваіх жывёл. Медсястра па чарзе выклікае пацыентаў.

Гаспадары хвалююцца больш, чым самі жывёлы. Я нібыта знаходжуся ў дзіцячай паліклініцы, дзе матулі і татулі суцяшаюць сваіх дзетак.
Яны ўздрыгваюць, калі ў суседнім кабінеце нехта вые ці гучна мяўкае.

Нарэшце мяне запрашаюць у кабінет Юрыя. Гэта трыццацігадовы малады светлавалосы мужчына ў сіняй спецвопратцы. Светлыя, добрыя вочы і мяккі голас адразу прыцягваюць.

«Складаная аперацыя была. Не адну гадзіну доўжылася», — тлумачыць ён.

«А колькі звычайна жывёл праз вас праходзіць у дзень?» — «У сярэднім ад 20 да 50».

Я з цікавасцю пачынаю аглядацца. Кабінет у доктара вялікі. Перагародка падзяляе рабочую зону і зону прыёма, дзе стаяць два сталы, на якіх аглядаюць жывёл, каля іх — шафа з лекамі і шпрыцамі.

«Тут я працую з 2008, — пачынае ён аповед. — Калісьці ў майго таты былі пчолы, і ён хацеў, каб у яго быў уласны ветэрынар. А мне заўсёды хацелася лячыць катоў і сабак.
У выніку паступіў у Віцебск». — «А якія пацыенты больш складаныя: жывёлы ці людзі?» — «Жывёл лячыць цяжэй. Чалавек можа сказаць, што яму баліць, а жывёла — не. Да таго ж, у сучаснай медыцыне вялікая колькасць розных дыягнастычных даследаванняў. А ў ветэрынарыі шмат што не даследавана. У звычайнай медыцыне ёсць вузкая спецыялізацыя дактароў, а тут ты ўніверсальны. Цяпер у нас адбываецца ўвядзенне вузкай спецыялізацыі. Я афтальмолаг. У нас гэта сфера амаль не развітая. Абсталяванне каштуе вельмі дорага, дый калегі не заўсёды разумеюць значнасць гэтага». — «А ў нас вучаць ветэрынараў-афтальмолагаў?» — «Не, гэта практыка наведвання семінараў і калегаў, напрыклад, у Пецярбургу».
«Якія асноўныя патрабаванні да чалавека, які будзе працаваць з жывёламі?» — «Галоўнае — мець добрую стрэсаўстойлівасць.
Часам даводзіцца працаваць не з жывёламі, а з іх гаспадарамі. Некаторыя хваробы спалучаныя са смяротным сыходам і патрабуюць вялікай вытрымкі, каб растлумачыць гэта гаспадарам. Многія прыязджаюць экстранна, яны ў паніцы. Псіхалагічна трэба людзей разгружаць» — «А што з раскладам працы?» — «Мы працуем пазменна. Тры праз тры, ёсць начныя дзяжурствы. Уначы прывозяць шмат жывёлаў — ДТЗ, падзенні з вышыні, рваныя раны…»

Хто баіцца больш?

У дзверы стукаюць, у кабінет няўпэўнена заглядвае жанчына: «Можна?»

Доктар запрашае яе зайсці, а сам выходзіць на некалькі хвілін. Жанчына дастае з торбачкі пярэстую котку.
«Ведаеце, я так баюся, вельмі баюся», — кажа мне ўсхваляваная жанчына. «Што здарылася?» — «Ды вось, на стэрылізацыю прывезла свайго чалавека». Я не разумею, якога яшчэ чалавека? Потым высветлілася, што «чалавекам» жанчына называе сваю котку — яна знайшла яе ледзь жывой зімой каля дома і выгадавала.

«Я б ніколі з ёй гэтага не зрабіла, але яна пачала сікаць у боты. Муж сказаў, што трэба», — скардзіцца жанчына. Тым часам вяртаецца доктар. «Зараз мы зробім укольчык, і яна засне. Не хвалюйцеся», — падбадзёрвае ён. Пушысты звер спалоханымі вочкамі сочыць за тым, як доктар падносіць страшную іголку. Што цікава, жывёлы падчас наркозу засынаюць з расплюшчанымі вачыма.

«Чалавек, які займаецца заабізнэсам, можа не працаваць»

Наша размова перапыняецца. У кабінет увозяць «вялікага мядзведзя» — бульдога, якому рабілі складаную аперацыю, і ён яшчэ не адышоў ад наркозу. «Ён яшчэ каля сутак будзе сам не свой. Гэта нармальна», — супакойвае ветэрынар. Гаспадыня гладзіць свайго сабаку, цалуе лапы і пяшчотна абдымае. Стомленая і заплаканая, яна выглядае як матуля, якая страціла ўсе сілы, чакаючы сына пасля сур’ёзнай аперацыі.

Бульдог тым часам з неразуменнем глядзіць, што адбываецца навокал. Нібыта п’яны, ён не можа кантраляваць свае рухі.
Юрый дае парады, як даглядаць сабаку, пасля чаго на галаву бульдога насоўваюць адмысловы пластмасавы каўнер, каб той не пашкодзіў швы на мордзе, і асцярожна вязуць на каталцы да машыны.

«У мяне ў самога, дарэчы, кот і котка жывуць. Узяў аднаго на лецішчы, а другога ў вёсцы. Але кот цяпер можа каштаваць больш за карову, якая дае малако», — смяецца Юрый.

«У студэнтаў адбіваюць ахвоту да ветэрынарыі»

Доктар сыходзіць у аперацыйную. У зале чакання маладая аўчарка, пакуль яе гаспадар распранаўся, паспела збегчы ад яго і нарабіць крыку сярод катоў. Яна была такой спрытнай, што лавілі яе ўтрох. Пасля інцыдэнту парушальніца парадку выслухала настаўленне ад гаспадара, салодка пазяхнула і заснула на ягоных нагах.

«Ніякай рамантыкі ў вас тут, — кажу Юрыю, які вярнуўся ў пакой. — Не шкадуеце, што абралі такую прафесію?» —

«Ніколі не шкадаваў. Я два гады праходзіў практыку на свінагадоўчым комплексе і год на птушкафабрыцы. Паралельна лекаваў жывёл маіх сяброў і знаёмых. Гэта сапраўды не рамантыка.
Рамантычна — гэта дзесьці ў новай Зеландыі ці калі глядзіш Discovery ці Animal Planet. А тут па-іншаму».

«Ветэрынар — гэта не белы халат і чысты абутак. Калі мы кажам пра сельскую гаспадарку, то гэта, мякка кажучы, бруд. У студэнтаў пасля размеркавання спрэс адбіваюць ахвоту да ветэрынарыі. Яны бачаць бруд і гной і больш не хочуць звязваць сваё жыццё з гэтым.

Калі чалавек гатовы працаваць і жыць у такіх умовах, то ён далёка пойдзе. Гэта вельмі моцна загартоўвае. Як армія».
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?